Да “Людзей на балоце”, у Глінішча…
У духоўным набытку нашага народа і вялікай беларускай літаратуры, сусветнай літаратуры творы Івана Мележа стаяць на асобай прыступцы. Яны, бясспрэчна, — найвышэйшы ўзор усёй беларускай прозы, самая высокая і сонечная, як некалі згадваў Пімен Панчанка, вяршыня беларускай літаратуры. Яго прыгожая і мудрая палеская сага – “Людзі на балоце” — у свой час ашаламіла, усхвалявала, узмацніла пачуццё гордасці за нашу літаратуру, за свой народ. І, бясспрэчна, не маючы такога багацця, нам, беларусам, вельмі складана было б сёння даказаць, што мы сапраўды адзіны народ і “людзьмі завемся”.
Глінішча Хойніцкага раёна сёння зусім не той занядбаны кут балот, апісаны класікам. Цяпер гэта сучасны аграгарадок з цаглянымі дамамі, добраўпарадкаванымі дарогамі, альпійскімі горкамі ў агародчыках, сучасныя крамы, Дом культуры. І прысутнасць самога Мележа ў родных месцах – літаральна на кожным кроку: аўтобусны прыпынак з партрэтам пісьменніка, школа, пабудаваная некалі, дзякуючы клопату земляка і якая носіць яго імя, шыльдачка на хаце, дзе жылі яго бацькі, бюст пісьменніку, драўляныя Васіль з Ганнай, якія сустракаюць гасцей ля ўваходу ў музей Івана Мележа. Не змяніліся хіба людзі – шчырыя, працавітыя (працуюць у КСУП імя І. Мележа), адданыя зямлі творцу-земляку, які распавёў пра жыццё іх дзядоў на ўвесь свет…
5 лютага, калі Палессе ахутала завіруха, сюды, у Глінішча прыехала шмат людзей. Журналісты і пісьменнікі, родныя і блізкія Івана Мележа, работнікі культуры і адукацыі не толькі Хойніччыны, але і прадстаўнікі многіх раёнаў вобласці. Сястру І.Мележа – Любоў Паўлаўну Мележ, старэйшую дачку Людмілу Іванаўну, пляменніц Лілію Краўчанка, Веру Генаш, другіх родзічаў, пісьменнікаў Міколу Мятліцкага, Уладзіміра Гаўрыловіча, Вадзіма Спрынчана цёпла віталі літаратурна-музычнай кампазіцыяй па матывах Палескай хронікі з самага ранку педагогі і вучні сярэдняй школы. Карані ж навучальнай установы – у далёкім 1910-ым, калі тут адкрылася царкоўна-прыходская школа. З гонарам вучні расказвалі пра свайго земляка, які ў маі 1976-га разам з Пятром Машэравым і Іванам Шамякіным прызямліліся на школьным стадыёне – гэта была апошняя сустрэча пісьменніка з землякамі.
Ля бюста класіку беларускай літаратуры адбыўся ўрачысты мітынг. Соф’я Ліпніцкая, дырэктар мележаўскага музея, правяла для родных і блізкіх пісьменніка, гасцей свята экскурсію, дзе пачулі выступ І. Мележа на пісьменніцкім пленуме ў 1976 годзе.
Зала мясцовага Дома культуры не магла ўмясціць усіх, хто прыйшоў на ўрачыстасць. Былі тут не толькі жыхары аграгарадка Глінішча, але і навакольных вёсак. А гэта яскравае сведчанне, што пісьменнік працягвае жыць творамі між сваіх родных людзей на балоце.
Са сцэны да землякоў празаіка гучалі цёплыя прывітанні А. Малашэўскага, намесніка старшыні Хойніцкага райвыканкама, А. Каціла, начальніка ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама, М. Шамшэні, дырэктара абласнога цэнтра народнай творчасці, Любові Мележ, сястры пісьменніка, Людмілы Краўчанка, пляменніцы Івана Мележа, Міколы Мятліцкага, галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Дачка Івана Мележа Людміла ўручыла членскі білет выпускніку філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны паэту Алесю Бараноўскаму.
— Гэта вельмі сімвалічны момант, калі малады творца ўліваецца ў пісьменніцкую сям’ю на зямлі Івана Мележа, для Алеся – гэта будзе памяць на ўсё жыццё, — адзначыў у сваім выступленні У. Гаўрыловіч, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар «НП», які зрабіў грунтоўнае паведамленне да мележаўскіх чытанняў. — Так сталася, што пятнаццаць гадоў таму на гэтай зямлі, у Глінішчах, мой пачатак у літаратурным асэнсаванні народнага жыцця быў заўважаны і высока адзначаны перамогай, першым месцам у жанры апавяданне ў абласным літаратурным конкурсе, арганізаваным аддзяленнем СПБ і “Гомельскай праўдай”. Гэта быў стартавы пачатак для маладога чалавека, нібыта блаславёнага самім Мележам. Пачуцці, якія нахлынулі на мяне – не перадаць словамі. І пачалася праца над словам і, шчыра кажучы, над сабой.
Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што з вышыні сучаснасці перад намі асабліва выразна паўстае роля Івана Мележа ў станаўленні і развіцці не толькі беларускай прозы, але і нацыянальнага светапогляду, адрознасці і велічы беларусаў. Ягонае сэрца — а нельга сказаць, што ў Івана Паўлавіча лёгенька ўсё атрымлівалася, былі на яго творчым шляху і непаразуменні, і штучныя перашкоды, якія чыніліся класіку, — было заўсёды з народам, са сваімі палешукамі. Яго сэрца і сёння працягвае біцца ў яго кнігах, у якіх, па ягонаму ж прызнанню, “цудоўнае жыло ў звычайным, трагізм — у звычайным, вялікае — у звычайным”. Вось гэтае — “вялікае — у звычайным”, а не актуальнасць тых ці іншых ідэй і робіць прыцягальным мележаўскія творы для нас, чытачоў, для будучых пакаленняў беларусаў. І мы, бясспрэчна, застанемся ўдзячнымі чалавеку, абсяг турбот якога быў надзвычай шырокі, але літаратура для якога была асноўным і клопатам, і радасцю, як для селяніна ў полі. Іван Мележ вучыў нас шанаваць роднае слова, вучыў казаць праўду, вучыў быць шчырым са сваім сумленнем. Ён не паспеў нам сказаць усяго таго, што хацеў, але ён паспеў сказаць сваё важнае слова аб Чалавеку…
Сёння, адзначыў у сваім выступленні празаік, мы імкнемся на сваім узроўні пісьменніцкі запавет Мележа пракладваць на шырокую дарогу. Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і газета “Гомельская праўда” пры падтрымцы Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта распачалі творчы конкурс на лепшае апавяданне імя Івана Мележа. Таленавітыя маладыя і сталыя празаікі, пачынаючыя аўтары, ад якіх залежыць будучыня беларускага мастацкага слова, будуць падтрыманы, іх творы будуць апублікаваны ў альманаху “Літаратурная Гомельшчына”. У красавіку ў Гомелі пройдзе традыцыйны абласны конкурс юных чытальнікаў — школьнікі з усёй вобласці самі выбяруць творы і будуць чытаць на памяць творы І. Мележа…
Цудоўнае мерапрыемства на мележаўскай зямлі не магло не завяршыцца без Ганны і Васіля — акцёры Мазырскага драмтэатра падаравалі жыхарам аграгарадка і суседніх вёсачак незабыўную сустрэчу з мележаўскімі героямі.
Літаратурныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю Івана Мележа, прайшлі ва ўстановах адукацыі, культуры вобласці. Цікавыя падзеі прайшлі і ў Жыткавіцкай раённай, сельскіх бібліятэках раёна. А гэта сведчыць – творы класіка карыстаюцца папулярнасцю і будуць запатрабаваны чытачом.
У. ПРЫАЗЁРНЫ.