Забяспечыць рух наперад
Апаратную нараду правёў у панядзелак, 17 студзеня, старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.
На нарадзе заслуханы інфармацыі намеснікаў старшыні райвыканкама аб функцыянаванні розных галін эканомікі раёна.
Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А. Наўныка, клопаты аграрнікаў сёння звязаны з развіццём жывёлагадоўчай галіны, падрыхтоўкай да сяўбы і назапашваннем насеннага фонду, неабходнасці актывізаваць падрыхтоўку тэхнікі да вясенніх палявых работ.
У сувязі з кліматычнымі зменамі надвор’я – рэзкім пацяпленнем – кіраўнік райвыканкама даручыў адпаведным службам распачаць супрацьпавадкавыя мерапрыемствы. Дадзена даручэнне правесці аналіз стану і падсыпку дамб, якія засцерагаюць населеныя пункты ад паводкі, выканаць іншыя мерапрыемствы.
Як праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама У. Быстрэнка, сфарміравана праграма будаўніцтва жылля на бягучы год: 19 тысяч метраў жылой плошчы будзе ўведзена сёлета. Пяць шматпавярховых дамоў будуць узведзены ў Жыткавічах, адзін — у Тураве, шмат жылля будзе ўзведзена і ў сельскай мясцовасці. Ён акцэнтаваў увагу на выкананні работ, у тым ліку і па праектаванню, у межах праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, а таксама правядзенні рамонтных работ на сацыяльна-значных аб’ектах.
На нарадзе разгледжаны актуальныя пытанні функцыянавання жыллёва-камунальнай сферы. Як адзначалася, недастаткова аператыўна камунальная служба рэагуе на ліквідацыю праблемных сітуацый, якія ўзнікалі ў апошні час у мікрараёнах Жыткавічы-1 і іншых. Крытыка старшыні райвыканкама гучала ў адрас кіраўніцтва камунальнай службы па шэрагу аспектаў дзейнасці. М. Какора даручыў распрацаваць праграму азелянення і добраўпарадкавання на бягучы год, яна будзе разгледжана на архітэктурным савеце.
Намеснік старшыні райвыканкама С. Таболіч праінфармаваў прысутных аб выкананні шэрагу праграм развіцця рэгіёна, у тым ліку выкананне прагнозных паказчыкаў.
Намеснік старшыні райвыканкама В. Рагалевіч акцэнтаваў увагу на выкананні Дэкрэта №18 і аб правядзенні адзінага дня інфармавання насельніцтва, прысвечанага асноўным арыенцірам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2011 годзе. Былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні функцыянавання сацыяльнай сферы.
Напрыканцы нарады старшыня райсавета дэпутатаў Н. Рамановіч праінфармавала аб вопыце, вартым для пераймання, арганізацыйнай работы мясцовых улад і арганізацый Мазырскага раёна, у тым ліку і ў камунальнай сферы, стварэнні новых рабочых месцаў.
У сваю чаргу старшыня райвыканкама М. Какора падкрэсліў, што інавацыйныя падыходы, творчы падыход да справы забяспечаць рух наперад у развіцці Жыткаўшчыны.