Служыш па статуту — табе гонар і слава
Студзень — гэта не толькі навагоднія святы і Каляды. Гэта яшчэ і месяц, калі юнакі прызыўнога ўзросту ідуць на вайсковую службу. Імі пройдзены ўжо ўсе прызыўныя мерапрыемствы ў райваенкамаце, а днямі ў раённым цэнтры культуры і адпачынку будучым салдатам уручылі і павесткі з дакладнай датай адпраўкі ў войскі.
Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. Ён шчыра жадаў прызыўнікам стаць добрымі салдатамі, мужна пераносіць усе складанасці армейскай службы. Для кожнага юнака гэта з’яўляецца сур’ёзным, але пачэсным абавязкам, новым этапам у іх жыцці. “Адслужыць патрэбна так, каб вамі ганарыліся вашы бацькі і сябры”, — даў апошні наказ прысутным у зале прызыўнікам Валерый Маркавіч.
Шмат цёплых слоў было сказана будучым салдатам і старшынёй раённай грамадскай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Сяргеем Зубковым. Ён, як кадравы афіцэр-вайсковец, зыходзячы са свайго вопыту, пажадаў хлопцам не толькі дасканала асвоіць вайсковую спецыяльнасць, але яшчэ і не забываць пра сваіх блізкіх і сяброў, часцей пісаць дадому лісты. “Гэта таксама важна для салдата, як і выканаць дакладна і своечасова загад свайго камандзіра”, — гаварылася выступоўцам.
Што армія робіць з хлопца сапраўднага мужчыну, які здольны пастаяць не толькі за сябе, але і абараніць іншых, юнакі пераканаліся праглядзеўшы фільм з паказальным выступленнем беларускіх спецназаўцаў па рукапашнаму бою.
Ушанавалі і падбадзёрылі хлопцаў кіраўнікі і спецыялісты тых арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працавалі прызыўнікі. Напэўна, доўга будуць успамінаць падчас праходжання тэрміновай службы механізатары КСУПа “Марохараўскі” Віктар Купрацэвіч і Дзмітрый Шараевіч пра тое, як дзякаваў ім дырэктар гаспадаркі Іван Алесіч за плённую працу. Вельмі хваліў ён хлопцаў за стараннасць і руплівасць, выказаў надзею, што пасля службы яны вернуцца ў родную гаспадарку яшчэ больш спрактыкаванымі спецыялістамі. Немалую долю пахвалы атрымаў ад намесніка кіраўніка па ідэалагічнай рабоце торфабрыкетнага завода і Яўген Давыдовіч, які працаваў на прадпрыемстве слесарам. Анатоль Ермаковіч, дырэктар вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу, звяртаючыся да прызыўніка сваёй установы, сказаў проста і ёмка: “Служы па статуту – будзе табе гонар і слава”. Прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў уручылі і падарункі юнакам.
Самую ж важную ролю выканалі на мерапрыемстве начальнік групы прызыву райваенкамата Алег Брэеў і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзяніс Гаўрылаў, якія ўручылі прызыўнікам павесткі, а разам з імі і адмысловыя каляндарыкі. Не засталіся ў баку і работнікі культуры. Яны парадавалі будучых воінаў канцэртнымі нумарамі, а таксама правялі для іх вясёлую конкурсную праграму.
Прайшоўшае мерапрыемства яшчэ раз прадэманстравала, што традыцыя праводзіць у армію ўрачыста і па-святочнаму ў нашым грамадстве вельмі моцная. Цяпер юнакам застаецца грунтоўна падрыхтавацца да адправак у войскі. Часу для гэтага засталося не так і шмат.
С. БЕЛКА.