Ад сэрца да сэрца

Для дэпутацкага корпусу раёна праяўляць міласэрнасць і дабрачыннасць становіцца ўжо добрай традыцыяй. Восенню яны дапамаглі сабраць партфелі дзецям з малазабяспечаных сем’яў. У гэтыя дні па ініцыятыве раённага Савета дэпутатаў праводзіцца акцыя “Ад сэрца да сэрца”. Яе мэта падтрымаць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і павіншаваць іх з навагоднімі святамі і Раством Хрыстовым.


Жанчына расчыніла дзверы кватэры і адразу адступіла ад парога. Гасцей ды яшчэ ў такой вялікай колькасці тут не чакалі.


— Вы не хвалюйцеся, — звярнулася да жанчыны старшыня райсавета Ніна Рамановіч. – Мы да вас з добрым намерам, хочам павіншаваць са святамі вашу дзяўчынку, уручыць ёй падарунак. Гэта нашы дэпутаты такую ініцыятыву праявілі. Вось і ваш прадстаўнік у райсавеце, Таццяна Казлова. Ведаеце, напэўна, добра. Яна разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай павіншуе вашу дзяўчынку, каб і Света адчула свята як іншыя дзеці.


Убачыўшы іх у сябе дома, дзяўчынка проста разгубілася, нават прывіталася з гасцямі, вытрымаўшы невялікую паўзу. Але Снягурачка хутка ўзяла ініцыятыву ў свае рукі і пачала віншаваць дзяўчынку. Распытала як тая сябе пачувае.


— Можа, нейкую песеньку ці верш пра новы год ведаеш? — усміхнуўшыся, вяла размову Снягурачка.


— Песню ведаю, толькі не пра новы год… — як гэта бывае, пры чужых людзях дзяўчынка крыху спалохалася. Словы песні ніяк успомніць не змагла, таму папрасіла дапамогі ў браціка і сястрычкі, якія таксама выйшлі з іншага пакоя да гасцей. Але разгубленасць прайшла гэтак жа імгненна, як і наступіла. І Света спачатку паціху, а потым усё смялей і смялей завяла дзіцячую песенку пра дзень нараджэння, якую выконвалі Чабурашка і кракадзіл Гена з вядомага ўсім мультфільма.


— Малайчына, і словы ўсе сама ўспомніла, і праспявала добра, — пахваліў дзяўчынку Дзед Мароз. – За гэты цудоўны нумар мы прынеслі табе падарунак. Пасля чаго Дзед Мароз выняў са свайго меха скрыначку з прысмакамі і ўручыў яе дзіцяці…


У гэтыя дні дэпутаты завітаюць ва ўсе дамы і кватэры, дзе пражываюць дзеці-інваліды. Кожны наведае некалькі сем’яў на сваім выбарчым участку, каб падарыць абдзеленым здароўем дзецям свята, уручыць падарункі, павіншаваць і выказаць цёплыя пажаданні.


Па словах Ніны Рамановіч, дэпутаты разнясуць сто шэсцьдзесят падарункаў дзецям-інвалідам. Фінансаванне акцыі ажыццяўляецца за кошт дабрачынных ахвяраванняў дэпутатаў, спонсарскіх сродкаў арганізацый і фізічных асоб. Самае галоўнае, як падкрэсліла старшыня райсавета, ніхто не адмовіў, усе, да каго звярталіся, падтрымалі дэпутацкую ініцыятыву. І справядліва сказана, што дабрыня і міласэрнасць не ляжаць на дарозе, іх выпадкова не падбярэш. Дабрыні чалавек у чалавека вучыцца. І гэта так, бо менавіта такія якасці ідуць толькі ад шчырага сэрца.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.