ПАЛЕСКАЯ РЭЗІДЭНЦЫЯ ДЗЯДУЛІ МАРОЗА

Напярэдадні Новага года на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна распачала сваю працу сядзіба Дзядулі Мароза. Пасяліўся Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурка на тэрыторыі Чырвоненскага сельскага Савета, на аграсядзібе “Затерянный рай”.


Для першых наведвальнікаў 25 снежня тут была наладжана тэатральна-забаўляльная ўрачыстасць. Напачатку сядзібу адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, якая павіншавала як мясцовых жыхароў, так і шматлікіх гасцей, сярод якіх было шмат дарослых і дзяцей розных узростаў. Многія нават прыехалі з навакольных вёсак і райцэнтра на сустрэчу з навагодняй казкай. А затым за справу ўзяліся насельнікі казачнага лесу, якія рознымі наўмыснымі перашкодамі і выпрабаваннямі “адцягвалі” час сустрэчы дзятвы з Дзядулем Марозам і яго ўнучкай, прыдумляючы гэтыя перашкоды-пацехі на Сцежцы казак. Але, як водзіцца, перамагае дабро, і злосная Баба Яга стала добрай і прыкладнай, з ёй пачалі сябраваць усе дзеці. А свята доўжылася ля ўсталяванай навагодняй ёлкі, дзе вадзіліся навагоднія карагоды, ладзіліся конкурсы. Незабыўнае ўражанне ад вандравання ў краіну навагодняй казкі атрымалі найперш дашкольнікі і дзеці малодшага школьнага ўзросту.


Сядзіба Аляксандра Масла, вядомага мастака-рэзчыка і гаспадара навагодняга падворка, вельмі добра стасуецца для падарожжа ў краіну Казкі. Сярод паслуг, якія аказваюцца на тэрыторыі сядзібы, — наведванне ствараемага музея скульптур і этнабыту. Цяпер сюды будуць прыходзіць і лісты, дзе ў якасці адрасу і атрымальніка значыцца: «Аграсядзіба “Затерянный рай”, Дзеду Марозу».


Такія пісьмы ў шматлікай колькасці выканаўца навагодніх жаданняў сапраўды чакае. Пра гэта карэспандэнту “НП” у першым інтэрв’ю на жыткавіцкай зямлі паведаміў сам Дзядуля Мароз. Ён якраз сабраў усіх лясных казачных герояў да сябе на бяседу пасля ўрачыстага адкрыцця сядзібы.


— А хто ж Вы, Дзядуля Мароз? — пытаемся.


— Дзядуля Мароз! — усміхаецца ён.


 — А ў міру? — не адступаем.


— Аляксандр Давідовіч, загадчык Ляхавіцкага сельскага клуба. А мая ўнучка – Таісія Макарэвіч, дырэктар Чырвоненскага сельскага Дома культуры. А гэтая “лясная казачная каманда” – культработнікі з Чырвоненскага, Пухавіцкага, Чырванаборскага сельскіх Дамоў культуры.


— А ці надоўга Дзед Мароз і Снягурка да нас завіталі?


— Назаўсёды! – зашумелі казачныя героі ўсе разам.


— Мы хочам падарыць усім дзеткам раёна радасць ад сустрэчы з казкай у пераднавагоднія і паслянавагоднія дні, — асмялела Снягурка-Таісія.


— Няхай ўсе прыязджаюць, трошкі спалохаем, але і парадуем… — загадкава прамовіў хітрун-Лешы, у вобразе якога згадваўся, як нам падалося, сам загадчык Чырванаборскага СДК Анатоль Макарэвіч.


— А ці гатовы ўсіх жадаючых прыняць?


— Гатовы! Ужо нават заяўкі паступілі з Турава і Жыткавічаў. Будзем чакаць гасцей… — прамовіла сарамліва прыгажунька-Матрошка.


— А ў які час да вас завітваць?


— Ды штодзённа па 30 снежня, і з 2 па 15 студзеня, у 10, 12, 14 гадзін дня, падкрэсліў Дзядуля Мароз. І на развітанне павіншаваў нас і нашых чытачоў з Новым годам.


Ну а мы ў адказ падорым радасць іншым — зрабілі здымак Дзядулі Мароза і ягонай вясёлай кампаніі. На памяць.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ, Д. ІВАНОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.