На ахове нашага здароўя
Добры падарунак атрымала цэнтральная раённая бальніца ад мясцовай улады. Райвыканкам закупіў для аддзялення хуткай дапамогі шэсць новых аўтамабіляў. Днямі на плошчы імя Леніна кіраўнік раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора ўрачыста ўручыў ключы ад аўтамабіляў хуткай дапамогі найбольш вопытным вадзіцелям аддзялення.
Адкрыў мерапрыемства галоўны ўрач установы аховы здароўя “Жыткавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Мікалай Бабенка. Ён шчыра, ад душы падзякаваў кіраўніку раёна за такі карысны і неабходны для працы медыкаў падарунак. Дарэчы, яго кошт складае больш чатырохсот мільёнаў рублёў.
— Для медыкаў раёна – гэта па-сапраўднаму знакавая падзея, свята, бо ўпершыню ў гісторыі сістэма аховы здароўя атрымлівае адначасова столькі аўтамабіляў хуткай дапамогі, — адзначалася Мікалаем Мікалаевічам Бабенка. – І гэтыя аўтамабілі дадуць магчымасць значна палепшыць нашу работу па ахове здароўя жыхароў раёна.
На гэтым зрабіў акцэнт у сваім выступленні і кіраўнік райвыканкама Мікалай Какора.
— Шлях да гэтай урачыстай падзеі быў доўгім і нялёгкім. Але дзякуючы Дзяржаўнай праграме развіцця Прыпяцкага Палесся мы змаглі набыць шэсць аўтамабіляў для аддзялення хуткай дапамогі. Гэта прамое сведчанне таго, што і кіраўнік нашай дзяржавы, і раённая ўлада не стаяць убаку ад праблем сістэмы аховы здароўя, імкнуцца ёй аказваць усебаковую дапамогу, — гаварылася Мікалаем Міхайлавічам Какорам. – І спадзяюся, што гэта не апошні падарунак медыкам раёна ад улады. А гэтыя аўтамабілі няхай спраўна адслужаць адведзены ім тэрмін, і мы памяняем іх на яшчэ больш сучасныя і лепшыя. Новыя машыны дапамогуць спецыялістам аддзялення хуткай дапамогі адпавядаць свайму прызначэнню. А тое, наколькі хутка і якасна будзе аказана першая медыцынская дапамога, у многім уплывае на далейшае лячэнне пацыента і ў цэлым на яго здароўе.
Далей Мікалай Какора ўручыў вадзіцелям ключы. З рук кіраўніка раёна іх атрымалі Віктар Рымашэўскі, Віталь Бялько, Аляксандр Лоўгач, Мікалай Філатаў, Леанід Карась і Уладзімір Рагалевіч. Пасля малітвы-наказа, якую прачытаў благачынны Жыткавіцкай акругі пратаіерэй Генадзь Хаткевіч і асвячэння новых машын Мікалай Міхайлавіч асабіста зрабіў круг гонару на адным з новых аўтамабіляў.
— Гэта своечасовы і вельмі патрэбны падарунак для нашай работы, — расказвае пасля ўрачыстага мерапрыемства старшы фельчар аддзялення хуткай дапамогі Леанід Жогаль.
– Гэта дазволіла нам абнавіць больш пяцідзесяці працэнтаў аўтамабільнага парку аддзялення. А ў гэтым неабходнасць наспела вялікая, многія з тых машын, на якіх мы працуем цяпер, састарэлі даўно маральна і фізічна. Некаторыя ўжо эксплуатуюцца па два дзесяткі гадоў.
Задаволены Леанід Васільевіч і характарыстыкамі новых аўтамашын: іх хуткасцю, камфортнасцю, аснашчанасцю сучаснымі насілкамі для транспарціроўкі пацыентаў. Усё гэта станоўча адаб’ецца на працы фельчараў, на абслугоўванні выклікаў да пацыентаў, на аператыўнасці. Увогуле, за гады сваёй працы ў аддзяленні, па словах Леаніда Жогаля, гэта першы выпадак, калі ўладай і кіраўніцтвам ЦРБ аказана такая адчувальная падтрымка аддзяленню хуткай дапамогі. Крыху раней у памяшканні хуткай праведзены рамонт, фельчараў аснасцілі сотавай сувяззю, набылі новую аргтэхніку.
Так, часы мяняюцца, і, як бачна, да лепшага. Даўно мінула пара, калі жыхары раёна, работнікі бальніцы, усе разам збіралі ахвяраванні, каб набыць хоць адзін новы аўтамабіль для аддзялення хуткай дапамогі. Цяпер жа іх атрымана адразу шэсць. Праз некалькі дзён іх экіпажы заступяць на службу, каб яшчэ больш паспяхова стаяць на варце і нашага здароўя.
С. БЕЛКА.