САМЫ БЕЛАРУСКІ БЕЛАРУС (Да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча)

Ідуць гады, а Уладзімір Караткевіч для мноства чытачоў як роднай Беларусі, так і далёка па-за яе межамі застаецца адным з самых чытаемых і любімых пісьменнікаў. Бо людзі сталага веку знойдуць у яго творах мудрасць і развагу, моладзі ж, дзецям імпануюць рамантыка і прыгодніцтва, дзяўчаты, жанчыны знойдуць тут рыцарства, ласку і пяшчоту. З усім светам словам Караткевіча гаворыць сама душа Беларусі. І не дзіўна, што калі яго апавяданні, аповесці, раманы прачытае замежнік, чалавек, які ніколі не быў у нас, то ён прасякнецца цікаўнасцю і павагаю да нашай Радзімы, зразумее і палюбіць беларусаў – адкрытых душою, часта наіўных, працавітых і гасцінных.


Уся творчасць Караткевіча, пачынаючы ад верша “Машэка”, надрукаваным у 1955 годзе ў часопісе “Полымя”, і да пасмяротнай кнігі з сімвалічнай назвай “Быў. Есць. Буду” пазначана высокім інтэлектам, энцыклапедычнай дасведчанасцю, багатай фантазіяй, выключнай інтуіцыяй. Не могуць не ўражваць ягоная працавітасць, шматграннасць таленту, якія бліскуча ўвасобіліся ў паэзіі, гістарычных раманах і аповесцях, апавяданнях, эсэ, нарысах, публіцыстыцы, п’есах, кінасцэнарыях, малюнках. Сапраўды, такое бывае вельмі рэдка і, як кажуць у народзе, сярод інтэлігенцыі, ідзе ад Бога. Нялёгкую літаратурную творчасць можна параўнаць з мазолістай працай сялян. І ў Караткевіча была свая, адметная баразна. Дарэчы, любіў ён чарнільныя самапіскі, цураўся нават шарыкавых ручак. І ажывалі пад яго пяром вякі мінулыя, узнаўляліся сівыя легенды. Шматмерна, праўдзіва бачылася і сучаснае жыццё. Час, калі творча, плённа працавалася, быў для яго сапраўдным святам. За пісьмовы стол ён садзіўся паголены, у чыстай, адпрасаванай сарочцы. Побач заўсёды была кава, ляжалі запалкі і “Беламор”…


Уладзімір Сямёнавіч быў выдатным апавядальнікам і разам з тым умеў слухаць іншых. На здзіўленне многіх, адкуль такія веды, адказваў: “Я ж, браце, вандроўнік зацяты. Колькі пераходжана гэтымі хворымі нагамі, колькі перабачана гэтымі стомленымі вачыма! А яшчэ архівы. Вам і ў страшным сне не прысніцца, колькі пылу пераглытаў я ў сховішчах, колькі старонак дакументаў перагорнута. Не толькі дома, але і ў Кіеве, Львове, Вільні, Ленінградзе, і далёка за мяжою”.


Гонар, годнасць, сумленне, праўда. Калі перачытваеш Караткевіча, то заўважаеш, што гэта самыя блізкія яму словы. Як захаваць, абараніць і ўмацаваць годнасць чалавека, на што яму абаперціся ў гэтым жыцці? Менавіта такім роздумам прасякнуты ўсе яго кнігі. І адказ пісьменнік-патрыёт знаходзіць наступны: нашая трываласць – у памяці, у павазе да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларускага народа, у любові да роднай зямлі, мовы, у вернасці сваім традыцыям.


— Абяцаюць нам новы раскошны дом,


Але тут нам жыць і канаць,


Тут пад кожным навекі забытым бугром


Нашы продкі забітыя спяць. Яны аддалі нам меч і касу,


Словы з вуснаў, цяпер нямых…


І нам немагчыма пайсці адсюль


І пакінуць са смерцю іх.


Што і казаць, вельмі няпроста жылося і працавалася Караткевічу. Нямала прыкладаў падае нам гісторыя, калі адданая, неймаверная па сіле любоў вялікага сына да свайго народа, да роднае зямлі, мовы, гісторыі і культуры натыкаецца на неразуменне, а то і на адкрытую варожасць абмежаваных, замбіраваных сучаснікаў, якія рознымі шляхамі ўціскаюцца ў высокія крэслы і адчуваюць сябе ўладарамі жыцця. І нямала крыві і нерваў папсавалі яму вось такія “ўладары”, навешваючы ярлык “нацыяналіста”. І што цікава – высокія, пільныя начальнікі хоць і ваявалі з нацыяналістам Караткевічам, але чыталі ягоныя творы з вялікай цікавасцю і захапленнем. На першы погляд, як быццам бы парадокс? Ды ўсё зразумела. Проста талент пісьменніка перамагаў іншыя замшэлыя ўяўленні пра “класавую чысціню”, пра “ідэйную непахіснасць”…


Проста немагчыма, неверагодна ўявіць сабе нашу беларускую літаратуру без твораў Караткевіча. Як бы яна непараўнальна збяднела, калі б у ёй не было раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесцяў “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чазенія”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, шматлікіх апавяданняў, артыкулаў, нарысаў, п’ес. А ўзяць яго эсэ “Зямля пад белымі крыламі”. Асабіста я лічу, што гэта кніга павінна быць у кожнай хаце, кожнай кватэры беларуса.


Караткевіч пражыў мала, усяго 54 гады. Але зробленае ім за параўнальна кароткі творчы шлях уражвае нас, таксама смяротных людзей. Гэта добрыя дзесяць тамоў заўсёды самай сучаснай, самай беларускай, самай нацыянальнай літаратуры. Гэта быў пісьменнік-“вулкан”, кожны новы твор якога шматлікая беларуская чытацкая аўдыторыя чакала з вялікім нецярпеннем. А колькі яшчэ было задумана, вынашана і не напісана… Да прыходу яго ў літаратуру гістарычная тэма ляжала ў нас некранутай цаліной. І вось выходзяць з друку шматлікія ягоныя творы на гістарычную тэматыку, пасля якіх адчуваеш сапраўдны гонар, што ты — беларус, што “зямля пад белымі крыламі” – самабытная краіна са сваёй цікавай, захапляючай гісторыяй. Пачынаем бачыць свой край новымі вачыма. Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая, толькі мала вывучаная, раздадзеная паміж суседзямі. І наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай: белай альбо чорнай. Бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Без іх проста немагчыма народнае жыццё.


Як бы хто ні лічыў, а ў стаўленні да мовы Караткевіч быў сапраўдным інтэрнацыяналістам. Ён часта, ахвотна і без акцэнту (у тым ліку дома з маці) гаварыў па-руску. Дасканала ведаў украінскую мову, якую выкладаў на Кіеўшчыне. У Польшчы ён спрабаваў гаварыць па-польску, у Славакіі – па-славацку. У Вільнюсе на ляту лавіў літоўскія словы і спяваў літоўскія песні. Увогуле лічыў, што чым больш моў ведае чалавек, тым ён багацейшы. Што няма моў добрых і дрэнных, а ёсць толькі развітыя і неразвітыя. Але найперш кожны павінен ведаць, любіць і бараніць родную мову. “Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай”, — скажа пісьменнік вуснамі галоўнага героя рамана “Каласы пад сярпом тваім” Алеся Загорскага. Гэты твор, дарэчы, можна з поўным на тое правам назваць вяршыняй творчасці пісьменніка. Між іншым, у час сустрэч з чытачамі многія школьнікі прасілі пісьменніка, каб ён не забіваў свайго галоўнага героя, настолькі спадабаўся ім Алесь Загорскі. Аднойчы кватэра Караткевіча была абрабавана і, магчыма, разам з другімі рэчамі былі ўкрадзены чарнавікі трэцяй і чацвёртай кніг рамана…


Любая літаратура можа ганарыцца, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча. Без усякага пафасу можна сказаць, што яго жыццё – гэта ўзор служэння радзіме, народу, мове. Ён — гонар і сумленне беларускай нацыі. Найвялікшая каштоўнасць усяго, што напісаў геніяльны пісьменнік, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець наша мінулае і сучаснае. Да таго ж ён быў адным з першых, хто ў Беларусі стаў біць трывогу, прадбачачы экалагічныя крызісы. Добра ведаючы нашы лясы і рэкі, ён заклікаў да іх разумнага, гаспадарлівага выкарыстання.


Чытайце Караткевіча. І няхай паболей будзе на нашай сучаснай Беларусі новых Загорскіх і Беларэцкіх, Грынкевічаў і Братчыкаў.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.