ПАСЯБРАВАЛІ АГРАРНІКІ СА СПОРТАМ
Надоўга запомніцца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці аграпрамысловага комплексу працоўнаму калектыву акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Акрамя віншаванняў, прэмій і канцэрта, многія мясцовыя работнікі сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўпершыню праведзенага тут “Дня здароўя”.
Выступаючы са шчырым прывітаннем на адкрыцці спартыўнага свята, дырэктар “Агратэхсервіса” Анатоль Ляшкевіч падкрэсліў значнасць рэгулярных заняткаў фізкультурай і спортам, пажадаў усім перамогі і добрага настрою. Затым юныя выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” прадэманстравалі сваё майстэрства ў гіравым спорце, каратэ і цяжкай атлетыцы, чым прыемна здзівілі шматлікіх балельшчыкаў.
У пяці відах спорту выступілі каманды чатырох падраздзяленняў адкрытага акцыянернага таварыства на чале са сваім кіраўніком. А гэта спартыўныя дружыны адміністрацыі, аўтатрактарнага ўчастка, ПМК і рамонтна-механічнай майстэрні.
У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ўсіх нечакана здзівіў сам кіраўнік Анатоль Ляшкевіч, стаўшы першым чэмпіёнам спартыўнага свята. Варта адзначыць, што ўвогуле інтарэс да стральбы ва ўдзельнікаў быў вялікі, бо многія ў апошні раз стралялі… толькі ў школе.
Столькі апладысментаў у свой гонар сталяр Сяргей Варабей яшчэ не атрымліваў. Увесь калектыў апладыраваў і перажываў за гэтага мужнага юнака, які здолеў пераўзысці ўсіх па гіравому спорту. Болей 100 разоў Сяргей вырваў над галавою пудовую гіру і заслужана стаў уладальнікам ганаровага прыза.
Не было адбою ад жадаючых паспаборнічаць у дартсе, кіданні дроцікаў на трапнасць. І самым трапным быў прызнаны вадзіцель Алег Слесарчук, які толькі ў апошняй серыі кідкоў вырваў жаданую перамогу ва ўборшчыцы службовых памяшканняў Таццяны Цяслюк.
Але самым цікавым і напружаным па напалу барацьбы стаў, бадай што, турнір па шашках. І, што цікава, тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў. Вось чаму суддзям давялося праводзіць дадатковы матч. У выніку лепшай камандай стала рамонтна-механічная майстэрня.
І завяршылі спартыўнае свята ігракі малой ракеткі, дзе не было роўных дружнай камандзе ПМК, узначальваемай старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Уладзімірам Ярмашам. Дзякуючы ўстаноўленаму на прахадной тэніснаму сталу некаторыя работнікі акцыянернага таварыства паказалі нядрэнныя навыкі гульні ў настольны тэніс.
У канчатковым выніку па набраных ачках у пяці відах спорту ўладальніцай пераходнага кубка і дыплома стала зладжаная, мэтанакіраваная каманда рамонтна-механічнай майстэрні на чале з Уладзімірам Марозам – актыўным прапагандыстам здаровага ладу жыцця, членам раённага савета фізкультуры. Другое месца занялі транспартнікі, трэцяе – ПМК, і замкнула выніковы пратакол каманда адміністрацыі. Для пераможцаў, прызёраў былі набыты сувеніры.
Падводзячы вынікі свята і ўзнагароджваючы лепшых, кіраўнік ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” Анатоль Ляшкевіч адзначыў, што такія мерапрыемствы стануць на прадпрыемстве рэгулярнымі, традыцыйнымі і заклікаў усіх весці здаровы лад жыцця.
С. КУЛАКЕВІЧ.