НАСУСТРАЧ УСЕБЕЛАРУСКАМУ СХОДУ
Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу мы пацікавіліся ў дэлегатаў мінулага форуму, ці спраўдзіліся іх спадзяванні аб прынятых рашэннях.
Сёння дзеліцца сваімі думкамі Ніна РАЙ, загадчык Хачэньскай фермы адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”:
— Мне пашчасціла быць дэлегатам ІІІ Усебеларускага сходу, чым я вельмі ганаруся. На гэтым народным форуме мы вызначылі, як будзе развівацца наша краіна ў апошнія пяць гадоў. Я лічу, што ўсе тыя планы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якія абмяркоўваліся на сходзе, выкананы паспяхова. Мне, як вяскоўцу, гэта відавочна: выраслі пенсіі і заробкі, адбудаваны аграгарадкі. Больш плённа і вынікова запрацавалі ўстановы сацыяльнай сферы на вёсцы і многае іншае ў нашым жыццёвым укладзе палепшылася. Ды і ў гаспадарцы, дзе працую, таксама справы пайшлі больш паспяхова. А ўсё таму, што на палетках з’явілася шмат сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікі, вядзецца будоўля і рэканструкцыя ферм. Гэта вынік тых захадаў, што кіраўніцтвам дзяржавы прымаліся апошнія гады па развіццю і адраджэнню вёскі. Спадзяюся, што дэлегатамі чарговага Усебеларускага сходу таксама будзе прынята нямала добрых праграм, якія нададуць нашай краіне новы імпульс для развіцця, зробяць наша жыццё яшчэ больш заможным.