КОЛЬКІ “КАШТУЕ” ЎЗМАХ СЯКЕРЫ?
Вось ужо што праўда, то праўда: добры, памяркоўны сусед лепш родзіча. Што родзіч? Пагасцяваў і паехаў. А з суседам трэба часта бачыцца, здароўкацца, пытацца пра здароўе і справы, часам прасіць аб нейкай дапамозе ці яму плячо падставіць, разам адзначаць дні нараджэння і сустракаць новы год. Сусед – гэта на ўсё жыццё. Добра, калі дружба альбо хаця б нармальныя чалавечыя адносіны адразу заладзіліся. А калі не? Колькі суседзяў ворагамі становяцца, усё жыццё псуюць адзін другому кроў і нервы. Не вітаюцца нават. Адсюль і анекдоты паяўляюцца, накшталт гэтага: “Чуў, у майго суседа карова здохла. Дробязь, а прыемна”. Жыццё і так кароткае, а яго яшчэ болей скарачаюць нядобразычліўцы-суседы. Як у горадзе, так і ў вёсцы.
Да таго ж варагаваць, аказваецца, можна ў любым узросце. Ну добра, думалася раней, пасварыліся маладыя, гарачыя, выбачайце, часова адурэлыя людзі, што не хочуць саступаць адзін другому. А ўжо людзі пажылога ўзросту, пенсіянеры, умудроныя багатым жыццёвым вопытам, здавалася, павінны быць добрым выключэннем, прыкладам для маладых. Ды дзе там… І нездарма кажуць, што старыя часам горай за малых. Вось і гэтая судовая справа – яшчэ адно таму яскравае пацверджанне.
Сямідзесяцігадовая жанчына-пенсіянерка (дарэчы, свой юбілейны дзень нараджэння яна сустрэла ў зале суда) напісала заяву ў міліцыю, пасля якой была ўзбуджана крымінальная справа супраць яе суседа па пад’езду. Між іншым, семдзесят другі год з дня нараджэння ён таксама сустрэў на судовым працэсе, бо нарадзіўся ў тым жа лістападзе-месяцы.
Дык у чым жа кароткая фабула гэтай справы? На судзе, як гэта часта бывае, сустрэліся дзве праўды. Пацярпеўшая паведаміла сутнасць справы наступным чынам. Яны з прыяцелькай сядзелі на лаўцы ля свайго пад’езду, калі міма іх з гораду ў бок сваёй кватэры прайшоў гэты самы сусед. Па словах пацярпеўшай, ён быў добра апрануты, на падпітку і, праходзячы побач, мацюкнуўся на іх адрас. Праз некаторы час сусед пераапрануўся, выйшаў у спартыўнай вопратцы з сякераю ў руцэ. Ён падышоў да яе (па этычных меркаваннях прозвішчы і імёны персанажаў гэтай гісторыі мы не называем), замахнуўся над яе галавой сякераю і пагрозліва сказаў: “Я цябе засяку!”. Жанчыны са страху разбегліся ў розныя бакі, пасля чаго яна пазваніла ў міліцыю.
Абвінавачаны даў на судзе наступныя паказанні. Жанчын ён не абражаў, п’яным не быў (дарэчы, медыцынскага агляду аб тым, што пенсіянер быў п’яным, няма), з сякераю сапраўды міма жанчын праходзіў, каб падрыхтаваць дошкі для падлогі, а паколькі ён інвалід і ў яго адна нага-кукса карацейшая за другую, то, магчыма, у час хады міма лаўкі сякера і ўзмахнула ў паветры, што адна з жанчын памылкова ўспрыняла як напад на яе, пагроза, а то нават і спроба смерці…
З самых першых мінут судовага пасяджэння было бачна, што пацярпеўшая настроена ваяўніча. Спачатку яна дала адвод прадстаўніку дзяржаўнага абвінавачвання – работніку мясцовай раённай пракуратуры: маўляў, ён будзе не аб’ектыўны, стане больш абараняць абвінавачанага, чым абвінавачваць яго… Затым запатрабавала паслаць судовую справу на дадатковае даследаванне і ўвогуле перакваліфікаваць яе з аднаго артыкула крымінальнага Кодэкса на другі. Толькі суддзя адхіліў гэтыя хадайніцтвы жанчыны.
Суд адбыўся, хоць і засядаў ён тройчы. Віну пенсіянера пацвердзіла жанчына, што сядзела побач з пацярпеўшай. Другая сведка толькі чула яго голас і бачыла мужчыну здалёку. Як бы там ні было, а ўзмах сякеры абвінавачанаму “каштаваў” у 60 базавых велічынь. Такі прысуд вынес суддзя. Да таго ж пацярпеўшая прасіла ад пенсіянера кампенсаваць маральны ўрон у памеры 2 мільёнаў беларускіх рублёў. Ён быў ацэнены ў 500 тысяч рублёў.
…Суд завяршыўся, а пытанні застаюцца. Іх шмат. І адно з галоўных: як будзем жыць, людзі-суседзі?
С. ВЕЧАРОВЫ.