Галоўнае свята Хлебаробскае

Горад беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў старажытны Мазыр у мінулую пятніцу прымаў лепшых працаўнікоў вёскі — тут адбыўся абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”. Удзел у ім прыняла вялікая дэлегацыя Жыткавіцкага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Святочныя мерапрыемствы 19 лістапада ў сталіцы Палесся пачаліся з адкрыцця грандыёзнага кірмаша. Нягледзячы на непагадзь, на абноўленых і пахарашэўшых вуліцах для гараджан і гасцей абласных «Дажынак» былі разгорнуты багатыя гандлёвыя рады, дзе былі прадстаўлены разнастайныя харчовыя і прамысловыя тавары. Складвалася ўражанне, што ў гэты дзень практычна ўвесь горад стаў велізарнай выставачнай пляцоўкай. Прадпрыемствы Гомельшчыны прадставілі шырокі асартымент мяса-малочнай, кансервавай і раслінаводчай прадукцыі, а наведвальнікаў выставы сельскагаспадарчай тэхнікі чакалі навейшыя яе распрацоўкі, якія ў большасці сваёй ужо атрымалі прапіску на палетках усіх раёнаў, у тым ліку і Жыткаўшчыны. Безумоўна, не можна не ганарыцца такім магутным тэхнічным патэнцыялам роднага краю, дзякуючы чаму ўсё больш тэхналагічна, у адпаведнасці з навуковым падыходам ажыццяўляецца догляд зямлі, і яна аддзячвае хлебаробам высокімі ўраджаямі.


Галоўная ж падзея абласнога свята «Дажынкі-2010» – праходзіла ў гарадскім Палацы культуры. Яно пачалося з сімвалічнага ўслаўлення хлеба і хлебаробскай працы: кожнаму кіраўніку раёнаў дзяўчыны ў нацыянальных касцюмах уручылі караваі новага ўраджаю, а самы вялікі – кіраўніку вобласці.


Лепшых хлебаробаў з галоўнай сцэны свята вітаў старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон, які высока ацаніў вынікі сёлетняга вельмі складанага з-за анамальна спякотнага лета сельскагаспадарчага года. Вяскоўцы, на яго думку, навучыліся працаваць на зямлі. Пра гэта сведчыць вынік, пра які дзесяць гадоў таму і марыць не прыходзілася, а цяпер вобласць мае мільённы збожжавы паказчык. Кіраўнік вобласці зрабіў кароткі аналіз зробленага за апошнія гады, але і адзначыў, што далейшае павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтнасці прадукцыі, нарошчванне экспартных паставак, працяг удасканальвання інфраструктуры населеных пунктаў і найперш аграгарадкоў – бягучая перспектыва. А. Якабсон выказаў упэўненасць, што аграрыям вобласці па сілах замацаваць і прымножыць дасягнутыя вынікі па ўсіх накірунках дзейнасці.


Затым кіраўнік вобласці пад апладысменты прысутных уручыў узнагароды лідарам сёлетняга жніва сярод раёнаў Гомельшчыны. Ім стаў Рэчыцкі раён. Адзначаны таксама вытворчыя сельгаспрадпрыемствы Гомельскага, Калінкавіцкага і Чачэрскага раёнаў.


Ва ўрачыстым узнагароджанні галоўных герояў свята — працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый рэгіёна, якія занялі прызавыя месцы ва ўборачнай кампаніі, — прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Пракапенка, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Марыя Бондар, намеснікі старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і шматлікія прадстаўнікі органаў улады і дзяржаўнага кіравання.


У 15 намінацыях адбылося ўшаноўванне лепшых прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны — пераможцаў абласных спаборніцтваў. Яны адзначаны за дасягненне высокіх паказчыкаў ва ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў, вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2010 годзе.


Радасна, што, бадай, упершыню на верхнія “прыступкі” абласнога фестывалю ступілі і жыткаўчане. Так, вельмі прыемна было назіраць, што ў шэрагу ўзнагароджаных нашы земляробы: абсалютным лідарам маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый стаў наш Мікалай Лебядзінскі з ААТ «Тураўшчына», а лепшым камбайнерам у дадзенай намінацыі прызнаны Віктар Вянгура, працаўнік гэтай жа буйной сельскагаспадарчай арганізацыі раёна. Высокай узнагароды фестывалю ўдастоены галоўны аграном ААТ “Тураўшчына” Мікалай П’яўка. Нагадаем чытачу, што наша сельгаспрадпрыемства было ў ліку пераможцаў і на рэспубліканскіх дажынках у Лідзе!


На фестывалі-кірмашу былі таксама адзначаны пераможцы абласных спаборніцтваў сярод кіроўцаў, ажыццяўляўшых перавозку збожжа ад камбайнаў, маладых кіроўцаў транспартных сродкаў, галоўных інжынераў і аграномаў сельгасарганізацый, іншых працаўнікоў АПК. Усе яны ўзнагароджаны га-наровымі граматамі і падзякамі Гомельскага аблвыканкама, ганаровымі граматамі Гомельскага аблсавета, дыпломамі і грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі. Сярод узнагароджаных – нашы механізатары-корманарыхтоўшчыкі Вячаслаў Бандзюк і Сяргей Федаровіч з адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі райагратэхсервіс” (пра іх мы пісалі ў газеце за 20 лістапада).


Можна павіншаваць з высокай узнагародай і кіраўніка нашага раёна – Мікалая Міхайлавіча Какору, які адзначаны за плённую дзейнасць у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ганаровай граматай Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.


І адначасова павіншаваць усіх жывёлаводаў раёна. Надзвычай прыемна было назіраць за працэсам узнагароджання, калі на галоўную сцэну фестывалю выклікалі Мікалая Какору і Аляксандра Наўныку, начальніка райсельгасхарчу: па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі сярод усіх раёнаў краіны Жыткавіцкі прызнаны лідарам і адзначаны дыпломам Мінсельгасхарчу. Узнагароду кіраўнікам раёна ўручыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі.


Нельга не павіншаваць з адпаведнай узнагародай і фермерскую гаспадарку М.Р. Шруба – высокую ўзнагароду за першае месца ў рэспубліцы сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць комплексы па вытворчасці свініны, атрымаў упраўляючы фермерскай гаспадаркай Сяргей Серада.


А ў якасці падарунка ад галоўнай сялянскай газеты “Беларуская ніва” кухонны камбайн атрымаў малады камбайнер Мікалай Лебядзінскі.


У гонар гасцей на фестывальнай сцэне быў дадзены вялікі святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Мазырскага раёна.


З добрым настроем вярталіся дадому прадстаўнікі Жыткаўшчыны і з жаданнем працаваць яшчэ лепей, атрымаць у наступным годзе больш высокія ўраджаі і праславіць Жыткаўшчыну як сапраўдную жытніцу Беларусі.


У. МІКАЛАЕЎ. Фота аўтара.

Галоўнае свята хлебаробскае

 Горад беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў старажытны Мазыр у мінулую пятніцу прымаў лепшых працаўнікоў вёскі – тут адбыўся абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”.


Удзел у ім прыняла вялікая дэлегацыя Жыткавіцкага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Ажно восем узнагарод прывезлі жыткаўчане з форума сельгасвытворцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.