Прыносіць вестку поштальён
Свой рабочы дзень Ларыса Аляксееўна пачынае непасрэдна ў аддзяленні сувязі. Там яна атрымлівае карэспандэнцыю, перыёдыку, спажывецкія тавары, якія паштальёну патрэбна разнесці людзям, пражываючым на ўчастку. Загрузіўшы дзве сумкі, паштальён кіруецца ў дарогу. Адметнасць даставачнага ўчастка Макарэвіч у тым, што на ім у асноўным размяшчаецца прыватны сектар. І разнесці пошту тут намнога складаней, чым па шматкватэрных дамах. Ды і тое, што асноўная маса насельніцтва, якое абслугоўвае Ларыса Аляксееўна, людзі пажылога веку, таксама накладвае адбітак на яе працу.
Але, як зазначыла кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі, гэты паштальён працуе вельмі добра, увогуле энергічная жанчына.
Ад дома да дома штодзённа спяшаецца паштальён са сваімі цяжкімі сумкамі. Толькі адных перыядычных выданняў штодзённа разносіць амаль дзвесце экзэмпляраў. Звыклымі рухамі раскладвае ў скрынкі газеты, пісьмы. Ля многіх двароў яе ўжо чакаюць гаспадары, бо вельмі хочацца даведацца, якія ж весткі прынёс паштальён. А ў некага і пільная патрэба да работніка сувязі: расплаціцца ўзнікла неабходнасць за электрычнасць, за тэлефон, або прыкупіць тавар, каб не ісці ў магазін. Паштальён з ахвотай выконвае такія просьбы. Да некага Ларыса Аляксееўна сама заходзіць у дом, каб прапанаваць свае паслугі. Усё ж добра за гады працы вывучыла людзей на сваім участку, ужо сама добра ведае, што чалавеку патрэбна.
Працуе Макарэвіч паштальёнам 10 гадоў. Прыйшла ў аддзяленне сувязі пасля скарачэння на маторабудаўнічым заводзе. Спачатку падмяняла водпускі, а потым сваім участкам надзялілі. Спадабалася ёй гэтая праца, калектыў, які сустрэў добразчліва, дапамог на першых парах. З гадамі і вопыт патрэбны накапіўся, што цяпер дапамагае паспяхова выконваць планавыя заданні. У Макарэвіч з гэтым усё ў поўным парадку.
Якія б прыродныя катаклізмы ні былі на дварэ, а паштальён кіруецца штодня на свой участак. Ні мяцеліца, ні дождж, ні спёка яму не перашкода, бо людзі заўсёды чакаюць ад яго вестак, прычым своечасова. Вось такі паштальён Ларыса Аляксееўна Макарэвіч.
С. МІКАЛАЕЎ.
Фота В. КІЖНЕВА.