ТРЫМАЛІ ЭКЗАМЕН ШКОЛЫ
У хуткім часе ў школьных установах зноў зазвіняць дзіцячыя галасы, тым самым абвясціўшы, што пачаўся новы навучальны год. Безумоўна, усім хочацца, каб ён праходзіў ва ўтульнасці і прыгажосці. Ці ўдалося настаўнікам і тэхперсаналу ўстаноў адукацыі за час канікулаў стварыць такія ўмовы для сваёй працы і працы дзяцей? Адказ на гэтае пытанне і шукалі нядаўна спецыяльна створаныя камісіі з адказных работнікаў розных устаноў і органаў улады, якія правяралі днямі гатоўнасць школ да прыёму дзяцей.
Камісія ў складзе намесніка начальніка аддзела адукацыі Генадзя Бароўскага, памочніка ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольгі Ільені, загадчыка вытворчасцю сістэмы грамадскага харчавання Алены Макушэнка і інспектара Дзяржпажнагляду Валерыя Акунца пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Рагалевіча за час праверак наведала не адну адукацыйную ўстанову, і ў большасці выпадкаў засталася задаволенай той работай па падрыхтоўцы, якую правялі настаўнікі і тэхперсанал.
Члены камісіі працавалі два дні. Таму і не дзіўна, што перад пачаткам працы на другі дзень не абмінулі падзяліцца паміж сабой уражаннямі пра першы этап работы. Як зазначыў Геннадзь Піліпавіч, станоўчае ўражанне пакінуў стан Чырванаборскай, Пухавіцкай, Дуброўскай і Грэбянёўскай школ.
— Канечне, былі выказаны недахопы, але яны нязначныя і да пачатку заняткаў будуць выпраўлены, — гаварыў намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама. — Даводзяць да завяршэння рамонты ў Бялёўскай і Дзякавіцкай навучальных установах. Тут яны вельмі буйныя сёлета, і ўпэўнены, што будаўнікі зробяць усё, каб першага верасня дзеці прыйшлі ў падрыхтаваныя школы.
Другі этап працы група пачала з наведвання Людзяневіцкай школы. Прыемнае ўражанне пакінула тэрыторыя гэтай навучальнай установы. Усюды кветкі і малыя архітэктурныя формы, трава падкошана. Дарэчы, па стану прышкольных тэрыторый заўваг у правяраючых не было ні па адной установе. Па ўсяму было відаць, што гасцей чакалі. Прычым не толькі ў гэтай установе, але і іншых, дзе мелася адбыцца праверка. Гэта яшчэ і ў Браніслаўскім, Ленінскім, Мілевіцкім вучэбна-педагагічных комплесах, Юркевіцкай школе. Старанне праявілі ўсе педагагічныя калектывы. Зразумела, не ва ўсіх выйшла, як хацелася, але кожная вышэйпералічаная навучальная ўстанова атрымала ад членаў камісіі нядрэнны водгук, бо работа на месцах праведзена сапраўды каласальная. Прыкладаў таму нямала. У тым жа Браніслаўскім комплексе здолелі за лета па-новаму зрабіць унутраныя прыбіральні для дзяцей, поўнасцю афарбаваць калідоры, ды і ў класах рамонты праведзены на заглядзенне. Улічым, што гэта ўсё робіцца за сродкі, якія школа зарабіла сама, настаўніцкія і бацькоўскія ахвяраваннні. Людзяневіцкай школе ў пэўнай ступені пашанцавала крыху больш. Да традыцыйных крыніц даходаў на рамонт дадалася і спонсарская дапамога аднаго з былых выпускнікоў навучальнай установы. Таму і тут падрыхтаванасць вялікіх нараканняў не выклікала. Адказна да падрыхтоўкі ў параўнанні з мінулым годам аднесліся і ў Мілевіцкай навучальнай установе. Яе кіраўніку было не сорамна за працу свайго калектыва. Усё, што зроблена за лета — гэта справа рук настаўнікаў і тэхперсанала. Яны і фарбавалі, і шпалеры клеілі, і чысціню наводзілі, і многа іншай работы выконвалі. Па словах Генадзя Бароўскага, старанне настаўніцкіх калектываў па падрыхтоўцы школ відавочна як ні ў адной іншай сістэме, па падліках на рамонтныя работы імі выдаткоўваецца штогод па некалькі дзесяткаў мільёнаў грашовых уласных сродкаў. Вось бы такую свядомасць яшчэ праяўлялі і кіраўнікі прадпрыемстваў-шэфаў школ. На жаль, не ўсе з іх знаходзяць магчымасць дапамагчы замацаваным за імі навучальным установам. Таму перад школамі і стаіць востра пытанне аб самастойным заробку. Многія гэта робяць паспяхова і не толькі традыцыйнымі шляхамі — зборам металалому і макулатуры. Вырошчваюць на продаж і садавіну з агароднінай на прышкольных участках. Прыкладам могуць служыць Браніслаўская, Ленінская, Юркевіцкая і іншыя навучальныя ўстановы. Як зазначалася Генадзем Піліпавічам, гэтае звяно павінна папоўніць і школьная майстэрня, дзе вучні разам з настаўнікам працы маглі б рабіць нейкія рэчы на продаж, каб за атрыманыя грошы купіць тую ж фарбу на рамонт ці матэрыялы для працы. Безумоўна, такія падыходы дазваляюць весці касметычныя рамонты, але ці схаваеш за знешнім бляскам фарбы больш сур’ёзныя праблемы? Ці ж справа гэта, калі настаўнікі баяцца адчыніць акно па прычыне яго зношанасці, каб не павыпадала шкло. Без адчувальнай падтрымкі з боку дзяржавы вырашыць гэтую праблему наўрад ці ўдасца. І хаця яна аказваецца сёння стабільна (у раёне капітальна рамантуюцца некалькі школ), але пакуль недастаткова. Ідуць гэтыя сродкі на больш пільныя патрэбы, як зазначыў Генадзь Бароўскі, каб прадоўжыць жыццё школьных будынкаў, ды і не так хутка ўдаецца закрыць усе прарэхі, як хацелася.
— Але ж стараемся рабіць, хаця і панямногу. Напрыклад, Людзяневіцкі дзіцячы садзік, дзе зроблены вялікі рамонт, — адзначае намеснік начальніка аддзела адукацыі. — А колькі тэхналагічнага абсталявання для школьных сталовак набыта, іншага. Канешне ж, усё б было выканана хутчэй, каб у дастатку мелася грошай. У цэнтры ўвагі камісіі былі не толькі класныя кабінеты, але і школьныя майстэрні, сталовыя, бібліятэкі, спартыўныя залы. Многа і тут выканана работы. Усе яны падрыхтаваны да прыёму вучняў. Тэхналагічнае абсталяванне знаходзіцца ў спраўнасці, у многіх месцах праведзены рамонты. У адрозненне ад суседзяў калектывам Юркевіцкай і Ленінскай навучальных устаноў давядзецца яшчэ прыкласці намаганні. Зараз тут шчыруюць будаўнікі. Гэта якравы прыклад дзяржаўнай падтрымкі. У Ленінскім вучэбна-педагагічным комплексе ў разгары капітальны рамонт, а ў Юркевіцкай школе плануецца абуладкоўваць дзіцячы садзік. Таму і тут работы ў разгары. Але там, дзе будаўнікі закончылі работы, настаўнікі і тэхнічкі давялі памяшканні да ладу.
Падводзілі вынікі сваёй працы члены камісіі ў Ленінскім вучэбна-педагагічным комплексе. Па ацэнцы намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Маркавіча Рагалевіча, сёлета навучальныя ўстановы намнога лепей, чым у мінулым годзе, падрыхтаваны да прыёму вучняў. Заўвагі членаў камісіі, якія яны выявілі падчас праверак, тычыліся у асноўным афармлення кабінетаў метадычнымі матэрыяламі і стэндамі, стану вогнетушыцеляў, некаторыя з якіх выпрацавалі свой рэсурс, або былі замацаваны не па правілах, а таксама сістэм асвятлення: недастаткова замацаваны разеткі і плафоны і іншае. На гэта недарэмна была звернута ўвага, бо дзеці павінны прыйсці не толькі ў прыгожыя школы, але і бяспечныя.
С. БЕЛКА.