Святло яго душы

У той выхадны дзень хораша і разам з тым сумна было на душы кожнага, хто прыйшоў да Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў на цырымонію адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў памяць аб беларускім кампазітары У. І. Будніку. Хораша таму, што ён не забыты, у прадчуванні такой вось падзеі, а сумна, канешне, з той незваротнай нагоды, што Уладзіміра Іванавіча няма з намі, светлая яму памяць.


Перад адкрыццём мітынга гучыць музыка ў выкананні духавога аркестра. Прадстаўнікі мясцовай улады, сваякі, сябры вядомага беларускага кампазітара займаюць адведзенае месца. Музыка паступова заціхае. Да мікрафона падыходзяць вядучыя.


Каб песню, вартую народа,


На поўны голас шчыра спець


Што трэба творцу? Вельмі многа!


Радзіму ў сэрцы трэба мець!


Так, старадаўняя жыткавіцкая зямля, край лясоў і палёў, рэк і азёр – адна з самых прыгожых мясцін беларускага Палесся. Да таго ж з ёю звязаны імёны шматлікіх знакамітых людзй Беларусі, нашых землякоў, сярод якіх прафесар Аляксандр Алпееў, заслужаны дзеяч мастацтваў Мікалай Сацура, спявак Міхаіл Пацук, мастак Наталля Чарнагалова, літаратары Уладзімір Агіевіч, Навум Перкін, Мікола Гамолка, Павел Шруб, далёка вядомы гіравік Сяргей Юзюк і многія іншыя. Сярод іх яркай зоркай гарыць імя нашага выдатнага земляка, кампазітара, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, шчырага чалавека Уладзіміра Будніка.


Мітынг, прысвечаны адкрыццю памятнай мемарыяльнай дошкі Уладзіміра Будніка, аб’яўляецца адкрытым. Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь. Затым вядучыя знаёмяць прысутных з біяграфіяй нашага знакамітага земляка, яго творчым шляхам.


Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку даецца намесніку старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Уладзіміру Быстрэнка і брату кампазітара Івану Будніку. Разразаецца стужка, спадае тканіна… Гучыць музыка Уладзіміра Будніка.


Святочна апранутыя шматлікія прысутныя з цікавасцю заслухалі выступленні Уладзіміра Быстрэнка, дырэктара школы мастацтваў Таццяны Варапаевай, родзіча кампазітара Валерыя Дарафея, школьнай сяброўкі Уладзіміра Будніка Людмілы Грыцук, журналіста Міхаіла Хільмана і іншых. Прагучалі песні ў выкананні Надзеі Арцюшэўскай, Ганны Лой.


Адміністрацыя Жыткавіцкай школы мастацтваў, кіраўніцтва раёна, выкладчыкі, вучні і проста жыхары горада выказалі сваю ўдзячнасць аднакласнікам Уладзіміра Будніка за праяўленую ініцыятыву аб увекавечванні памяці свайго земляка, сябра, таленавітага кампазітара. Асаблівая падзяка – Аляксандру Алпееву за асабісты ўклад у фінансаванне мемарыяльнай дошкі.


Да памятнага знака ўскладаюцца кветкі. Усе наведваюць дзіцячую школу, у якой калісьці вучыўся маленькі Валодзя. Тут шмат што напамінае пра яго; створаны музей і гэтай памяці, безумоўна, расці і надалей. А музыка Будніка працягвае гучаць:


— Я прайду па Палессі, як песня…


Застануся я ў песнях людскіх.


Тут увесь я, увесь я, увесь я


У зіхценні вячэрняй ракі…


Божа светлы, як мала прапета…


А душа паплыла, як лісток…


Ірванецца, падхоплены ветрам, Мой апошні музычны акорд.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.