Паклікаў восеньскі кірмаш
Першы сёлета восеньскі кірмаш парадаваў жыхароў райцэнтра багаццем гандлёвых радоў і вясёлымі выступленнямі самадзейных артыстаў ды іншымі забавамі.
А восьмай раніцы адна за другой на цэнтральнай плошчы горада выстройваюцца грузавыя аўтамашыны. Гэта працаўнікі вёскі прывезлі на продаж бульбу, агародніну, зерне, мяса, мёд і іншую прадукцыю. Вяскоўцы яшчэ не паспелі раскласці свой тавар, упрыгожыць аўтамашыны, а гараджане ўжо выстройваліся ў чэргі. Гандаль пайшоў бойка. Асабліва вялікі попыт быў на прадукцыю адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. На вачах раскуплялася жыхарамі райцэнтра прывезеная працаўнікамі гэтай гаспадаркі бульба, цыбуля. Не залежвалася і мяса, іншыя тавары. Актыўна вёўся гандаль і адкрытым таварыствам “Жыткавічыхімсервіс”, якое прапаноўвала пакупнікам свініну. Шматлюдна было і ля аўтамашыны КСУПа “Коленскае”. Гаспадарка таксама прапаноўвала шырокі асартымент прадукцыі. Гандаль вёўся настолькі добра, што аўтамабіль бюро транспартных паслуг Жыткавіцкага спажывецкага таварыства не паспяваў выконваць заяўкі людзей.
З кожнай гадзінай кірмаш віраваў усе больш і больш. Таму спрыялі і выступленні самадзейных артыстаў, атракцыёны для дзяцей, якія ладзілі супрацоўнікі камбіната бытавога абслугоўвання. Унеслі свой уклад і работнікі спажывецкага таварыства, якія разбілі свае гандлёвыя палаткі з рознымі прысмакамі. Бясспрэчна, што і добрае надвор’е таксама аказала станоўчы ўплыў на наведваемасць мерапрыемства.
Можна казаць смела, што першы восеньскі кірмаш у райцэнтры ўдаўся і для гандляроў, і для пакупнікоў. Вяскоўцы прадалі сваёй прадукцыі больш чым на дваццаць мільёнаў рублёў, а гараджане зрабілі неабходны запас бульбы, гародніны на зіму.
С. БЕЛКА.
P.S. Запрашаем на чарговы восеньскі кірмаш у суботу, 2 кастрычніка.