Лепшыя на назапашванні кармоў

Андрэю Сініла, механізатару КСУП “Чырвоны Бор”, і Аляксандру Макарэвічу, механізатару КСУП “Бялёў”, заўсёды ёсць аб чым пагаманіць пры сустрэчы. Шчыра дзеляцца хлопцы паміж сабой сакрэтамі свайго прафесійнага майстэрства.


Сёлета на нарыхтоўцы кармоў Андрэй Анатольевіч і Аляксандр Адамавіч працуюць поплеч. Іх КЗРы ўваходзяць у міжгаспадарчы кормаздабываючы атрад. Таму давялося закладваць кармы як у сваіх гаспадарках, так і ў суседніх сельгаспрадпрыемствах “Марохараўскі” і “Дзякавічы”. Вялікае старанне праяўляюць хлопцы на сенакосных угоддзях. Аб гэтым сведчаць і вытворчыя іх здабыткі. Аляксандр Адамавіч здрабніў на сваім уборачным камбайне больш шасці з паловай тысяч тон травяной масы, а Андрэй Анатольевіч – больш пяці тысяч тон. Ацэньваючы плён працы гэтых механізатараў, можна смела сказаць, што нарыхтаваных імі кармоў ужо хопіць на зімоўку грамадскаму статку.


Зараз у Сінілы і Макарэвіча розныя задачы. Андрэй найбольш заняты на кармленні жывёлы на малочнатаварным комплексе сваёй гаспадаркі, а Аляксандр здрабняе траву на корм грамадскаму статку свайго сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, апошні механізатар паралельна прымаў і ўдзел у жніве.


Хлопцам добра вядома, што такое рана ўстаць і позна легчы. У летні час, калі дзень год корміць, такі рэжым працы звычайная заканамернасць. Бо толькі пры належным старанні можна мець і добры вынік. Гэта выдатна разумеюць механізатары і маюць спадзяванне на значнае павелічэнне сваіх працоўных здабыткаў на нарыхтоўцы кармоў. Упэўнены, што гэта здарыцца. Іх планы падмацоўвае высокая сцяна кукурузы, якая вырасла на грамадскім палетку. Таму работы для іх кормаздабываючых комплексаў будзе дастаткова.


Днямі ж механізатарам удалося сустрэцца, так бы мовіць, у нефармальнай абстаноўцы. На машынным двары КСУПа “Чырвоны Бор” іх з працоўнай перамогай віншаваў старшыня абкама прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Красько, які разам са словамі ўдзячнасці ўручыў старанным корманарыхтоўшчыкам раёна каштоўныя падарункі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.