Грунт для фермерскай паспяховасці
20 гадоў прайшло, як на Гомельшчыне пачало развівацца фермерства. Хаця бізнес на зямлі – справа не з лёгкіх, але гэтая з’ява пашыраецца і развіваецца. Аб гэтым сведчыць і статыстыка: на цяперашні час у вобласці працуе больш двухсот фермерскіх гаспадарак. Ды і сустрэча старшыні аблвыканкама Аляксандра Якабсона з лепшымі фермерамі вобласці ( прыехала 30 чалавек), якая прайшла на базе сялянскай гаспадаркі М.Р.Шруба і Тураўскага гарсавета, таксама яскравы доказ значнасці фермераў і іх працы ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны.
Што такое вялікае мерапрыемства адбылося на Жыткавіцкай зямлі, выпадковым не назавеш. Раён у ліку тых у вобласці, дзе фермерства паспяхова развіваецца і пашыраецца. Робячы на гэтым акцэнт на пачатку сустрэчы, Аляксандр Серафімавіч станоўча адзначыў працу калектыва сялянскай гаспадаркі М.Р.Шруба і яго кіраўніка.
— Міхаіл Рыгоравіч наперакор усім цяжкасцям пераканаўча даказаў сваю значнасць у фермерскай справе. І тое, што назва яго гаспадаркі занесена на абласную Дошку гонару, сведчанне паспяховасці і плённай працы, — зазначыў кіраўнік вобласці. — Сапраўды, у сялянскай гаспадарцы М.Р.Шруба ёсць шмат цікавага для вучобы і пераймання, а на вынікі працы калектыва патрэбна раўняцца ўсім.
У сваёй прамове старшыня аблвыканкама спыніўся і на той ролі дзяржавы па падтрымцы тых, хто развівае свой бізнес у глыбінцы, стварае там рабочыя месцы. З ліку такіх і сялянская гаспадарка М.Р.Шруба. Яе кіраўнік шчодра дзяліўся набыткамі і сакрэтамі свайго бізнесу з калегамі. Ужо такая інфармацыя, што выручка на аднаго працуючага складае 113 мільёнаў рублёў, якую агучыў Міхаіл Рыгоравіч, многіх вымусіла задумацца. А палетак цыбулі. Не адзін у аўтобусе дастаў фаатапарат ці мабільны тэлефон, каб сфатаграфаваць яго краявід. Роўныя рады выкапанай цыбулі, ні адной зяліны, малюнак проста цешыў вока . Адразу было бачна, наколькі ўраджайнае поле сёлета ў фермера, якая высокая культура земляробства ў гаспадарцы. Дасягаецца гэта няпроста: стараннай працай. Дарэчы, Міхаіл Шруб засяродзіў увагу фермераў на тым, што цыбуля даволі высокарэнтабельная культура і ёю варта сур’ёзна займацца. Хаця, зыходзячы са свайго вопыту, рэкамендаваў калегам вырошчваць адразу некалькі відаў агародніны. Так бы мовіць для страхоўкі, усё ж год на год не прыходзіцца, неўраджай адной культуры перакрыецца ўраджайнасцю другой. А гэта стабільныя зборы. Разам з бульбай сялянская гаспадарка штогод мае валавы збор агародніны прыкладна дзесяць тысяч тон.
Увогуле, на ніве агародніцтва для фермераў маецца вялікае поле для дзейнасці. Аб чым было сказана генеральным дырэктарам асацыяцыі агароднікаў Гомельскай вобласці Валерыем Папковым. Ужо сёння асацыяцыя гатова прапанаваць фермерам некалькі перспектыўных напрамкаў у гэтай дзейнасці.
Падчас экскурсіі па сялянскай гаспадарцы Міхаіл Шруб не толькі падрабязна расказваў пра дасягненні ў вырошчванні бульбы і агародніны, але і напрацоўкі ў іншых галінах сваёй дзейнасці. Напрыклад, аб рабоце па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў. Дзякуючы гэтаму дзве старыя тыпавыя фермы ператвораны ў сучасныя памяшканні для адкорму свінней. Ды і іншыя таксама, прынеслі немалую аддачу, калі Шруб сур’ёзна займаўся вытворчасцю малака і мяса. Свінагадоўля гэта пакуль маладая галіна для гаспадаркі. Але ўсё зроблена на комплексе па найноўшых энергазберагаючых тэхналогіях. Таму хаця свінакомплекс магутнасцю на тысячу тон мяса ў год запрацаваў нядаўна, але дасягнутымі паказчыкамі ўжо заявіў аб сабе на ўсю рэспубліку. Па выніках мінулага года сялянская гаспадарка М.Р.Шруба стала пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці свініны.
Вырасціць добрую, якасную прадукцыю — гэта толькі палова справы, куды важней выгадна яе рэалізаваць. Апошняму напрамку дзейнасці надаецца даволі сур’ёзнае значэнне. За гады працы накоплены вялікія сувязі з партнёрамі. Не для чырвонага слоўца, але ўсе сталовыя вядучых ВНУ Мінска закупляюць агародніну менавіта ў гэтай сялянскай гаспадарцы. Едуць за прадукцыяй з усіх куткоў Беларусі. Развівае Шруб і сваю гандлёвую сетку, асабліва актыўна стаў гэта рабіць у апошні час. Як і займацца перапрацоўкай сваёй прадукцыі. Прысутных прыемна ўразіла, як з дапамогай зусім просценькага абсталявання можна пастаўляць спажыўцам свежыя салаты, ачышчаную і гатовую для спажывання бульбу, моркву, іншую гародніну. У гэтым таксама маюцца свае плюсы, бо можна перапрацоўваць агародніну, якая не адпавядае, напрыклад, таварным кандыцыям па велічыні. Паўфабрыкаты вырабляе фермер і са свініны, хаця ў планах намнога паглыбіць перапрацоўку мяса.
Несумненна, таварны выгляд прадукцыі ў многім залежыць ад умоў захоўвання і закладкі гародніны. У сялянскай гаспадарцы ўжо даўно вырашана праблема пастаўкі свежай прадукцыі практычна круглы год. Гэтаму спрыяе цэлы комплекс сховішчаў, пры будаўніцтве якіх усё прадумана, каб там быў і адпаведны тэмпературны рэжым.
Дасягненні на палетках, на іншых вытворчых участках у многім забяспечваюцца цэхам механізацыі. На машынным двары сялянскай гаспадаркі маецца ўвесь неабходны комплекс тэхнікі, што дазваляе не толькі паспяхова выконваць неабходныя агратэхнічныя прыёмы, але і замяняць механізмамі чалавечыя рукі.
Яшчэ адна новая сфера дзейнасці для сялянскай гаспадаркі — агратурызм. Работа аграсядзібы “Тураўскія легенды” выклікала не меншую зацікаўленасць, чым вытворчая дзейнасць. Таму невыпадкова, што адным з пытанняў, якое разглядалася на пленарным пасяджэнні, стала менавіта развіццё фермерамі аграэкапаслуг.
У ліку іншых пытанняў, што абмеркаваны на сустрэчы, — “Роля фермерскіх гаспадарак у развіцці аграпрамысловага комплексу вобласці і ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі кіравання АПК”, “Аб асаблівасцях нарматыўна-прававой базы для фермерскіх гаспадарак і магчымасцях яе выкарыстання”, “Аб вопыце работы сфарміраваўшыхся на працягу дваццаці год сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак і маючых праблемных пытаннях”. Па іх перад фермерамі выступілі Валянцін Бабок, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гомельскага аблвыканкама, Марына Крывунь, намеснік старшыні камітэта, начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама, Міхаіл Байда, старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі фермераў. Выступілі і самі кіраўнікі фермерскіх гаспадарак. Падчас дыялогу і прадстаўнікі ўлады, і фермеры засяроджвалі ўвагу не толькі на поспехах, але і тых праблемах, якія маюцца на цяперашні час. Іх у фермераў нямала: гэта і выдзяленне зямлі, і ўключэнне фермерскіх гаспадарак у дзяржаўныя праграмы, і выдзяленне льготных крэдытаў, і аказанне падтрымкі як другім сельгасвытворцам, і іншыя. Усе выказаныя праблемы ўзяты на кантроль, і як запэўнілі прадстаўнікі ўлады, будуць вырашацца.
Відавочна, за дваццаць гадоў фермеры вобласці уласнай працай яскрава даказалі сваю жыццядзейнасць, і іх сустрэча з кіраўніцтвам вобласці, магчыма, і ёсць той крок да яшчэ большага і плённага супрацоўніцтва. Яно ж, як паказала мерапрыемства, патрэбна і ўладзе, і самім фермерам. Таму і прагучалі напрыканцы пажаданні, што сустракацца патрэбна і весці дыялог часцей.
С. БЕЛКА.
Фота В. КІЖНЕВА.