ВІЛЬЧА ЎСПАМІНАЛА, СМЯЯЛАСЯ І ТАНЦАВАЛА

  Трэба дома бываць часцей,


        Трэба дома бываць не госцем,


    Каб душою ты стаў чысцей


     І не страціў святое штосьці.


                                                                                          Рыгор Барадулін.


 Куды б ні заводзілі нас пакручастыя жыццёвыя шляхі-дарогі, а не-не ды і захочацца зноўку наведацца на радзіму, пабачыць родных і суседзяў, усіх аднавяскоўцаў, прайсціся знаёмымі сцежкамі, якія за апошнія гады добра-такі ўтравянелі, на ўсе грудзі падыхаць родным паветрам, якога , здаецца, болей водарнага нідзе няма ды, па-дзіцячаму заліхвацка ўскінуўшы галаву ў бок буслянкі, адкуль даносіцца ўладны клёкат яе гаспадара, крыкнуць-запытацца: “Здароў, бацян! І ў якім ты ўжо тут пакаленні?”


Радзіма нябачным магнітам будзе ўсё жыццё цягнуць нас да сябе, сніцца ў снах, выклікаць радасныя і сумныя ўспаміны, рабіць цябе ўсё большым патрыётам, беларусам. Кожны жыхар Вільчы па праву ганарыцца, што нарадзіўся і рос ён менавіта тут, у Богам дадзеным цудоўным куточку беларускага Палесся, на ўлонні маляўнічай прыроды, на беразе ціхмянай улетку Случы, па ўскрайку якой да недалёкай Прыпяці-царыцы дзесьці пяць кіламетраў, а напрамую ад вёскі — тры.


І нагода яшчэ раз палюбавацца роднымі з дзяцінства мясцінамі, сустрэцца і пагаманіць выдалася для вільчанцаў у мінулую суботу, калі тут было наладжана свята вёскі “Вытокі маіх каранёў”. А нястомным запявалай, галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіла загадчыца аўтаклуба аддзела культуры райвыканкама Любоў Феакцістава – сапраўдны энтузіяст культуры. Можна толькі па-добраму пазайздросціць энергіі і прадпрымальніцтву гэтай увішнай жанчыны. Аўтаклуб, якім яна кіруе, — гэта маленькая ўстанова культуры на колах, якая робіць вялікую справу ў раённай глыбінцы. Любоў Раманаўна і яе невялікая, але дружная, мэтанакіраваная каманда адказваюць за абслугоўванне маланаселеных пунктаў, якіх на Жыткаўшчыне сорак пяць. Акрамя сістэматычных выездаў аўтаклуба на перыферыю на бягучы год адным з пунктаў у яго плане значылася і правядзенне свята вёскі Вільча. Што і было паспяхова здзейснена.


Як распавяла Любоў Феакцістава, у час падрыхтоўкі гэтага так значымага для мясцовага люду мерапрыемства яна звярнулася за дапамогай у Людзяневіцкі сельсавет, розныя раённыя структуры. Нераўнадушна адклікнуліся на яе заклік зрабіць для вяскоўцаў і ў першую чаргу для пажылых людзей добрую справу галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Чарнагалова, намеснік дырэктара КСУП “Людзяневічы” па ідэалагічнай рабоце Тамара Баран, дырэктар метадычнага цэнтра аддзела культуры Людміла Грыб, загадчыца Браніслаўскага ФАПА Ала Саўчук, члены клуба “Клопат” прадпрымальніца Жанна Ярмош і супрацоўнік раённага аддзела МЧС Аркадзь Лагун. Яны прынялі самы актыўны ўдзел у арганізацыі свята, аказаўшы рознага роду падтрымку і ў першую чаргу фінансавую.


І вось наступіў доўгачаканы для ўсіх жыхароў вёскі дзень. Светлая, сонечная раніца абяцала не азмрочыць свята. І сапраўды, надвор’е ў гэты дзень выступіла ў ролі надзейнага саюзніка вяскоўцаў. Млелі пад сонцам Случ, дубы і буслянкі, уся вёска з яе навакольнымі зялёнымі абшарамі. Задоўга да пачатку пацягнуліся стары і малы ў бок мясцовага магазіна, што пад адным дахам з фельчарска-акушэрскім пунктам, старэйшыя ўселіся на ўслонак. У 11 гадзін, як і было аб’яўлена загадзя, свята пачалося. —


Няхай гэты дзень будзе па-сапраўднаму добры для усіх, хто сабраўся тут, звяртаецца да прысутных вядучая, работніца метадычнага цэнтра аддзела культуры Наталля Вярэніч. — Няхай трывогі і сум пакінуць вас, вочы засвецяцца вяселлем, бо сёння незабыўны і святочны дзень — свята роднага, мілага кутка. Няма нічога шаноўней, чым працаваць на гэтай зямлі, аддаваць ёй усю сваю любоў, верыць у яе і расці, багацець разам з ёю.


Далей вядучая коратка спынілася на гісторыі заснавання вёскі, асноўных вехах яе развіцця, назвала прозвішчы і імёны людзей, якімі ганарыцца Вільча. Слова было прадастаўлена ўраджэнцам вёскі былым настаўніцам Марыі Канапацкай, Людміле Шпак, супрацоўніку раённай газеты “Новае Палессе” Сяргею Кулакевічу. Затым усе прысутныя паспрабавалі па лустачцы ад прыгожага, смачнага караваю, прывезенага з сабою гасцямі з Жыткавічаў.


 … Шмат бяды прынесла вільчанцам вайна. Многіх мужоў, бацькоў і сыноў не дачакаліся дадому. Яны аддалі сваё жыццё за сонца над любімай рэчкай, за святло над Вільчай. Добра помніць тыя ліхія часы ветэран вайны і працы Адам Міронавіч Кулакевіч, якому сёлета спаўняецца 89 гадоў з дня нараджэння. Пайшоў у армію ў сакавіку 1941 года, трапіў на заходнія рубяжы, вучыўся ў палкавой школе на танкіста. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года разам з другімі неабстрэленымі байцамі і афіцэрамі трапіў пад бомбы і снарады вераломных фашыстаў, атрымаў першае баявое хрышчэнне, зведаў горыч адступленняў, быў паранены, трапіў у палон. Пасля вайны разам з жонкай Надзеяй Іванаўнай, вязнем нямецкага палону, нарадзілі і выхавалі васьмёра дзяцей, зараз маюць шмат унукаў і праўнукаў. Нягледзячы на ўсе нялёгкія жыццёвыя калізіі, на ўсе цяжкасці лёсу, Адам Міронавіч застаецца маладым душою, ён першы ў вёсцы жартаўнік, паважаны ўсімі чалавек.


 — Есць у кожнага з нас Запаветны куточак адзіны,


     Ад яго бяруць вытокі Паняцця “Радзіма”.


     Мы за гэтым куточкам


    Нібы за дзіцём назіраем,


    Мы на гэтым куточку


    Свой крок і жыццё вымяраем.


Другога мясцовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Лідзію Людвігаўну Танчынскую арганізатары свята вёскі наведалі дома, таксама ўручылі ёй падарунак, выказалі самыя цёплыя словы ўдзячнасці, пажадалі моцнага здароўя, любові і павагі. Дарэчы, павага заўсёды крочыць побач з гэтай працавітай, сумленнай, сціплай жанчынай і яе вялікай сям’ёй. Толькі добрыя словы могуць сказаць вільчанцы пра цётку Ліду – былога калгаснага жывёлавода з вялікім стажам, добрую маці і клапатлівую гаспадыню.


Перад прысутнымі выступілі таксама галоўны бухгалтар КСУП “Людзяневічы” Аляксандр Круковіч, былы нязменны за доўгія гады шчырай працы бібліятэкар Вільчанскай бібліятэкі Любоў Канапацкая, якая да таго ж і выканала песню. Свае шчырыя пажаданні даслаў жыхарам Вільчы з Мінска пісьменнік Віктар Казько — былы выхаванец Вільчанскага дзіцячага дома. Сведкам дня вёскі стаў і вільчанец Сяргей Канапацкі — генерал-маёр, начальнік штаба ўнутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, які прыехаў адведаць маці ды родную вёску са сваімі землякамі.


Не былі забыты ў гэты ўрачысты дзень Васіль і Таццяна Рудніцкія — гаспадары мясцовага дома сямейнага тыпу са сваімі дзеткамі. Ім таксама ўручылі падарункі. Кветкі і сувеніры атрымалі і другія паважаныя землякі.


Усё мерапрыемства суправаджалася змястоўнымі музычнымі нумарамі, а душою канцэрта стала Наталля Баранава, бухгалтар аддзела культуры, актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці аўтаклуба. Нямала дружных апладысментаў заслужылі баяніст Алег Старажэнка, выканаўца песень Любоў Трафімовіч — метадыст аддзела маркетынгу і рэкламы цэнтральнай бібліятэкі, калектывы мастацкай самадзейнасці Дзедаўскага сельскага клуба і Людзяневіцкага цэнтра культуры. Мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні, свята вёскі ўдалося на славу. Прыязджай часцей да вільчанцаў, наш добры сябра аўтаклуб!


С. ВЕЧАРОВЫ.


НА ЗДЫМКАХ: успамінамі дзеліцца старэйшы жыхар вёскі А.М. Кулакевіч; выступае былая настаўніца школы М.Г. Канапацкая; вільчанцаў частуюць смачным караваем.


P.S. У завяршэнне сустрэчы мясцовыя ўраджэнцы вырашылі адзначаць штогод свята вёскі ў другую нядзелю ліпеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.