Шлях нялёгкі, але правільны
Мінулы год для жывёлагадоўлі раёна стаў знакавым. Па выніках працы за гэты перыяд працаўнікі галіны за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў занялі ў рэспубліканскім спаборніцтве першае месца. Гэтая падзея стала падставай для гутаркі карэспандэнта “НП” з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Аляксандрам Наўныкам аб справах і перспектывах працаўнікоў ферм раёна.
— Канечне, вельмі прыемна, што нашы старанні адзначаны на такім высокім узроўні і быць у адным радзе агульнапрызнаных лідэраў па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі рэспублікі. На гэты вынік працавалі ўсе : і спецыялісты райсельгасхарчу, і раённых службаў, абслугоўваючых аграпрамысловы комплекс, і кіраўнікі, спецыялісты, радавыя працаўнікі гаспадарак. Хочацца ўсім выказаць шчырыя словы падзякі. Асабліва падкрэслю працу калектыва сялянскай гаспадаркі М.Р.Шруба, які за параўнальна кароткі тэрмін увёў у строй свінагадоўчы комплекс і дасягнуў самых высокіх паказчыкаў у краіне па вытворчасці свініны. Нядрэнна спрацавалі і працаўнікі КСУПа “Коленскае”. Па выніках працы многія спецыялісты і работнікі жывёлагадоўлі гэтай гаспадаркі ў ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва.
—Давайце коратка нагадаем пра асноўныя дасягненні жывёлаводаў раёна за мінулы год?
— Найперш, што намі забяспечаны рост у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі за мінулы год да папярэдняга на 124,6 працэнта. Надой ад каровы павялічаны на 514 кілаграмаў. Сярэднясутачныя прывагі ў сялянскай гаспадарцы на вырошчванні свіней атрыманы 785 гарамаў. Так што, як бачна, гэтая перамога на нас звалілася не з неба. Разам з тым нам не патрэбна заспакойвацца, бо хаця рост і забяспечаны значны, але вытворчыя паказчыкі па многіх пазіцыях яшчэ ў нас не настолькі высокія, як гэтага хацелася б.
— Але ж такая значная перамога паказвае, што развіццё жывёлагадоўлі ў раёне ідзе па правільнаму шляху.
— Згодзен. За апошнія гады намі многа зроблена. І найперш ў плане матэрыяльнага абнаўлення ферм. Узведзены новы комплекс у КСУПе “Чырвоны Бор”. Збудавана першая чарга малочнатаварнай фермы ў КСУПе “Людзяневічы”. Значная рэканструкцыя праведзена на малочнатаварнай ферме “Рудня” КСУПа “Коленскае”. У гэтай гаспадарцы таксама ўведзены ў строй цялятнік. Праведзена рэканструкцыя ферм і ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Зроблена ўсё так, каб на гэтых вытворчых аб’ектах максімальна задзейнічаць механізацыю. Цяпер ставіцца задача, каб у гэтым годзе даільныя вёдры на нашых малочнатаварных фермах сталі архаізмам. Замест іх устанаўліваюцца малакаправоды. Усе фермы забяспечаны новым халадзільным абсталяваннем. Набыты некалькі кормазмяшальнікаў. Спадзяюся, што гэтых машын стане болей, бо такая тэхніка пераканаўча даказала, як можна з найбольшай аддачай скарыстоўваць наяўныя кармы. Праца ў накірунку абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны не спыняецца. Плануеццца, што яшчэ адзін малочнатаварны комплекс будзе ўведзены ў строй у ААТ “Тураўшчына”, поўнасцю завершыцца рэканструкцыя на ферме “Рудня”. Пачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго памяшкання фермы ў Людзяневічах. Забеспячэнне камп’ютэрнай тэхнікай спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны дазволіць нам на больш новым узроўні весці работу па ўліку, узнаўленню, лячэнню статка, складанню для жывёлы рацыёнаў кармлення. Дарэчы, значны зрух мы маем і ў рабоце па ўзнаўленню статка. Напрыклад, цяпер на сто кароў мы маем 136 цялушак для ўзнаўлення статка. Гэта вельмі добры паказчык. За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць людзі і іх старанні. Але ж паўтаруся, нам яшчэ многае патрэбна зрабіць, каб працаваць лепей.
— Першыя пяць месяцаў працы жывёлаводаў раёна апраўдваюць вашы спадзяванні?
— У пэўнай ступені так. Прагнознае заданне аграрыямі раёна за гэты перыяд выканана на 109,1 працэнта. Рост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі забяспечаны на 115 працэнтаў. Усяго крыху не дацягнулі да задання. Але ўпэўнены, што па паўгоддзю і па канцу года мы справімся з заданнямі паспяхова.
—Аляксандр Міхайлавіч. Зараз такі час, калі закладваецца падмурак для паспяховай работы жывёлагадоўлі зімой. Як абстаяць справы з нарыхтоўкай кармоў і падрыхтоўкай ферм?
—З кармамі мы будзем. Ужо зараз мы маем іх запас у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам намнога большы. Цяпер перад корманарыхтоўшчыкамі раёна ставіцца задача назапасіць найперш якасны корм з траў першага ўкосу: сена і сянаж. Сілас будзе закладзены з кукурузы, якой пасеяна больш шасці тысяч гектараў. Вядзем і падрыхтоўку ферм да зімы. Асабліва актыўна гэтыя работы ідуць у КСУПе “Дзякавічы”. Цяперашнія клопаты— гэта нястомная праца калектываў гаспадарак аб будучым развіцці жывёлагадоўчай галіны.
— Дзякую за гутарку.
Запісаў С.БЕЛКА.