Прафесіяналамі не нараджаюцца
Вялікі вопыт працы на чыгунцы маюць Анатоль Галавач, машыніст цеплавоза, і Аляксандр Дзядкоў, саставіцель цягнікоў. У кожнага з іх свой шлях на чыгунку.
У Анатоля Міхайлавіча ён пралёг праз вучылішча чыгуначнікаў, школу машыністаў, якія ён закончыў у свой час. Аляксандр Іванавіч сакрэты майстэрства ў большай ступені асвойваў на практыцы. Цяпер гэта вопытныя працаўнікі. Кожны мае за плячыма па некалькі дзесяткаў гадоў стажу. Не адну працоўную змену Галавач і Дзядкоў адпрацавалі разам, не адно вытворчае заданне выканалі. Прычым, заўсёды са сваімі абавязкамі спраўляліся паспяхова. Нездарма ж Аляксандр Іванавіч мае ўзнагароду “Выдатнік Беларускай чыгункі”. Дарэчы, за гады працы гэты прафесіянал падрыхтаваў не адзін дзесятак вучняў, якія цяпер паспяхова працуюць саставіцелямі цягнікоў. Вось і зараз ён перадае свой багаты вопыт чарговаму маладому працаўніку чыгункі Пятру Галавачу. Вучань аб сваім настаўніку адзываецца толькі з самага лепшага боку і спадзяецца, што яму таксама ўдасца з гадамі дасягнуць вышынь прафесіяналізма Аляксандра Іванавіча і Анатоля Міхайлавіча.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль Галавач, Пётр Галавач і Аляксандр Дзядкоў.