Першы фестываль беларусаў замежжа

Фестываль беларусаў замежжа ўпершыню плануецца правесці ў Мінску і гарадах Беларусі ў 2011 годзе. Аб гэтым 25 чэрвеня на першым пасяджэнні кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.


Ініцыятыва правядзення такога свята належыць Міністэрству культуры, упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей, якія і выступяць яго арганізатарамі. Акрамя таго, дапамогу ў арганізацыі фестывалю будуць аказваць Міністэрства замежных спраў, мясцовыя ўлады, грамадскія арганізацыі.


Фестываль плануецца праводзіць раз у два гады. Чакаецца, што на першае свята, якое папярэдне намечана правесці ў канцы чэрвеня – пачатку ліпеня, збяруцца не менш за 300 удзельнікаў з розных краін свету. Сёння не ўстанаўліваецца ніякіх узроставых рамак для ўдзельнікаў фестывалю, паколькі важна як мага шырэй прадставіць палітру творчасці беларусаў, якія пражываюць за межамі краіны. Канцэрты будуць праходзіць не толькі на пляцоўках беларускай сталіцы, але і ў іншых гарадах рэспублікі.


Прадстаўляючы канцэптуальнае бачанне будучага фестывалю, намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі расказаў, што, як плануецца, заключныя выступленні калектываў пройдуць на важнейшых канцэртных пляцоўках Мінска. Гэта можа быць як беларуская Дзяржаўная філармонія, так і Палац Рэспублікі.


Прадстаўленне творчасці беларусаў замежжа не абмяжуецца толькі выступленнем песенных і танцавальных калектываў. У нацыянальным мастацкім музеі плануецца арганізаваць выстаўку работ майстроў пэндзля, а ў нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца фотавыстаўка аб жыцці і дзейнасці беларусаў за мяжой.


Літаратурнае свята збярэ беларускіх пісьменнікаў і паэтаў з розных краін. У вышэйшых навучальных установах пройдуць майстар-класы для студэнтаў. Мерапрыемствы будуць доўжыцца на працягу трох-пяці дзён.


Палажэнне аб фестывалі беларусаў замежжа плануецца распрацаваць у бліжэйшы час і прадаставіць аб’яднанням беларусаў за мяжой да 1 верасня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.