На сцэне “Залаты ўзрост”
Вялікай урачыстасцю быў адзначаны дзесяцігадовы юбілей творчай дзейнасці народнага ансамбля народнай песні ветэранаў працы “Залаты ўзрост” у Тураўскім гарадскім Доме культуры.
Вечарына, прысвечаная гэтай падзеі, распачалася тэатралізаванай дзеяй з народнага побыту. Такі пачатак не выпадковы, бо калектыў з самага пачатку свайго заснавання чэрпае творчае натхненне, фарміруе свой рэпертуар менавіта з народных песенных традыцый. Збірацца на вячоркі з’яўляецца адной з іх. Гэта і было прадэманстравана ў першай дзеі свята. Гумарыстычныя сцэнкі, ды народныя песні выклікалі ўзрывы смеху і замілаванне ад іх меладычнасці і добрага выканальніцкага майстэрства ў гледачоў. Так хораша ігралі і спявалі жанчыны са сцэны. За невялікі адрэзак часу на імправізаваных вячорках было выканана каля дзесятка беларускіх песень “Ой, у дуброве”, “На небе месяц”, “Біла мяне маці”, “Ой, з пад гары”, “Бацька едзе па лучыну” і іншыя. Не абыйшлося і без танцаў. Іх выканалі артысты народнага ансамбля танца “Прыпяць”.
Другое аддзяленне свята пачалося з дэманстрацыі слайдаў аб творчай дзейнасці ўдзельнікаў ансамбля-юбіляра. За прайшоўшае дзесяцігоддзе калектыў многага дабіўся. Шматлікія канцэрты на розных пляцоўках раёна і вобласці, удзелы ў фестывалях, адкуль “Залаты ўзрост” прыязджаў абавязкова з вышэйшымі ўзнагародамі. Творчае крэда калектыва — захаванне і зберажэнне традыцый і звычаяў палешукоў, перадача іх маладому пакаленню. Удзельнікі ансамбля — спявачкі, якія па- мастацку, ярка даносяць да нас мясцовую песенную культуру, што перадаецца ад пакалення пакаленню. Кожная жанчына, а іх ў калектыве адзінаццаць, уносіць уласным голасам адмысловую фарбу ў гучанне песні, яе творчае разуменне. Яны аднадумцы, таму і прыгажосць песні ствараюць разам. Вялікую дапамогу жанчынам аказвае ў гэтым кіраўнік гурта Наталля Волкава і выдатны музыка-гарманіст Фёдар Батура.
Песня не нараджаецца выпадкова. Каб яна загучала са сцэны ўсімі фарбамі сваёй непаўторнасці і прыгажосці, яе патрэбна вельмі любіць і многа працаваць. У самадзейных артыстаў з “Залатога ўзросту” з гэтымі якасцямі ўсё ў парадку. Не раз яны прадэманстравалі гледачам на вечарыне сваё выканальніцкае майстэрства. Якое было ацэнена гучнымі апладысментамі ды шматлікімі словамі падзякі і віншаванняў. Прадставілася магчымасць расказаць са сцэны землякам аб сваім захапленні і самім удзельнікам гурта. І, як аказалася, для кожнай яго спявачкі песня значыць многае ў жыцці, яна з’яўляецца трывалай апорай на жыццёвым шляху, дапамагае не выбіцца з актыўнага грамадскага жыцця. Таму і не дзіўна, што вечарына закончылася словамі-пажаданнямі калектыву новых сустрэч і творчых поспехаў. Бясспрэчна, яны ў калектыва будуць яшчэ не аднойчы, энтузіязму і апантанасці жанчынам народнага гурта народнай песні “Залаты ўзрост” не займаць.
С. БЕЛКА
фото В. КИЖНЕВ