Гаспадарка мучыць, але жыць дапамагае
Жыць у вёсцы і не трымаць на падворку гаспадарку, гэтага не ўяўляе Святлана Андрэеўна КУПРАЦЭВІЧ.
— Так, складана, нялёгка, — гаворыць жанчына, — але ж і ўласная гаспадарка з’яўляецца добрым падмуркам для паляпшэння сямейнага дабрабыту. Малако, мяса, смятана, масла — усё ў магазінах вельмі дарагое. А сваё і якасней, і дарэмнае, бо не ўлічваеш прыкладзеных намаганняў і старання, каб дагледзець, падаіць, прыбраць.
Гэтае перакананне з уласнага жыццёвага вопыту. Трое дзяцей-студэнтаў, якім клапатлівая маці разы са два на месяц збірае сумкі. Усё, што туды кладзецца, вырашчана на сваім падворку. А ён у сям’і Купрацэвічаў багаты на розную жывёлу. Трымаюць трох каровак, некалькі парсюкоў, свінаматку, паўтара дзесятка курэй. І гэта нягледзячы, што працуе Святлана Андрэеўна ў мясцовай гаспадарцы галоўным бухгалтарам, і шмат часу забірае асноўная прафесія. Але хапае яго і на сваю гаспадарку. Праўда, як адзначае гаспадыня, каб усё дагледзець, патрэбна і рана ўстаць, і позна легчы. Ды і на выхадных пастарацца на агародзе і ў полі. Бо жывёла таксама есці патрабуе, і без запасаў кармоў тут не абыдзешся. Значную частку назапашваюць самі на ўласных сотках і агародах. Не пакідае такіх гаспадароў як Купрацэвічы і мясцовае сельгаспрадпрыемства. У КСУПе “Марохараўскі” распрацавана цэлая сістэма падтрымкі прыватных гаспадароў. Напрыклад, за прададзеных на грамадскую ферму цялят аплата ажыццяўляецца не толькі грашыма па дзяржаўнай цане, акрамя гэтага выдзяляецца дадаткова зерне. Увогуле, натураплата, у якасці дадатковага стымулу, практыкуецца даволі шырока. Зерне даецца і за аб’ёмы выкананых работ і прадаецца. Ператварыць яго ў кармы можна на мельніцы, якую спецыяльна трымае сельгаспрадпрыемства для прыватных гаспадароў. Дапамагаюць ім і ў пасадцы бульбы, і сена нарыхтаваць. Усё па ўмераных цэнах ці бясплатна. Ды і пра выпас для жывёлы вяскоўцаў таксама клапоціцца сельгаспрадпрыемства. Таму і недзіўна, што яго кіраўнік Іван Алесіч адзначае, работнікаў, якія трымаюць на сваіх падворках вялікую прыватную гаспадарку нямала, і тэндэнцыя зніжэння пагалоўя кароў на падворках у нас не такая катастрафічная, як у іншых мясцінах.
Для многіх жыхароў Марохараўскага сельсавета кароўкі з’яўляюцца крыніцай дадатковага даходу. Малака тут заўсёды прадавалі дзяржаве шмат і цяпер гэта захавалася. Сама Святлана Андрэеўна прадае штодзённа больш двух дзесяткаў літраў. Дарэчы, выгоду ад ўласнай гаспадаркі бачыць не толькі ў тым, што з яе дапамогай яна можа вучыць сваіх дзяцей-студэнтаў, але і ў плане паляпшэння асабістага здароўя. Бо пастаянна знаходзіцца ў руху, у клопатах. Ніякіх новамодных дыет і практыкаванняў не патрэбна, каб падтрымліваць сябе ў добрай форме. Прыклад сям’і Купрацэвічаў яскрава паказвае, што сапраўднаму вяскоўцу любыя цяжкасці па плячу, галоўнае, каб ён у сваёй справе адчуваў неабходную падтрымку і своечасовую дапамогу. Апошняе ёсць, таму і падворкі ў старанных вяскоўцаў багатыя і заможныя. Адзначым пра гэтую жанчыну і яшчэ такі станоўчы факт, што яна вельмі любіць кветкі. І хаця шмат надзённых спраў Святлана Андрэеўна заўсёды знойдзе час для развядзення кветак. А гэта лішні раз гаворыць, што Святлана Купрацэвіч не толькі старанная, але і ўвішная гаспадыня.
НА ЗДЫМКУ: С.Купрацэвіч.