Цяжэе запас фуражу
Своечасова ўбраць травы першым укосам — цяперашні клопат працаўнікоў КСУПа “Марохараўскі”. Сваёй працай гэтаму спрыяе і повар гаспадарчай сталовай Валянціна Сідаракіна. Жанчына добра разумее наколькі важна ў цяжкай сялянскай справе добра падсілкавацца. Таму прыкладвае ўсё сваё майстэрства, каб смачна і добра накарміць тых, хто працуе ў полі і на сенакосе.
Штодзённа ў гаспадарчай сталовай повар гатуе да паўсотні абедаў. Стараецца, каб стравы былі разнастайныя. Набор прадуктаў рабіць гэта дазваляе. Таму ў меню для механізатараў і наварыстыя баршчы з супамі, і катлеты, і мяса, і салаты, кампоты. Найбольш жа падабаюцца хлопцам блінчыкі і беляшы, якія гатуе Валянціна. І хаця гэта клопатна, але повар стараецца дагадзіць:
— Клопатна, але ж просяць, чаму б і не дагадзіць людзям. Нялёгка ж ім даводзіцца зараз працаваць. І тут з жанчынай нельга не пагадзіцца. Ды і ў народнай творчасці даволі часта падкрэсліваецца на залежнасць вынікаў працы ад ежы. Добрая сотня розных прымавак і прыказак на гэтую тэму маецца. Таму і свае старанні Валянціна Сідаракіна лічыць недарэмнымі, чым можа спрыяе агульнай справе. Яна ж, работа, сёлета на сенажацях сельгаспрадпрыемства ідзе значна лепей, чым летась. Аб гэтым сведчыць і створаны запас кармоў на зімоўку грамадскаму статку. Пад павеці закладзена больш за пяцьсот тон сена, а ў траншэі — амаль дзве тысячы тон сенажу і больш трох тысяч сіласу.
— Работы пастаўлены нядрэнна на нарыхтоўцы травяністых кармоў, — расказвае дырэктар гаспадаркі Іван Алесіч. — Стараемся назапасіць якасны корм, за гэтай катэгорыяй у нас наладжаны вельмі строгі кантроль. Стымулюем людзей, каб яны стараліся ўкладвацца ў аптымальныя тэрміны. Гэта дае добры плён.
Працаваць з поўнай самааддачай на сенакосе для механізатараў сельгаспрадпрыемства з’яўляецца нармальнай з’явай. Як расказаў механізатар Аляксандр Саўчыц, ён заняты на касьбе траў, цяперашнія іх старанні — гэта малако і мяса будучай зімой, ад якіх залежаць даходы гаспадаркі, велічыня іх заробкаў. Таму стараюцца механізатары не марудзіць. Напрыклад, Аляксандр з Сяргеем Макарэвічам за дзень скошваюць па трыццаць і болей гектараў траў. Ды і кормаздабываючы атрад па нарыхтоўцы сенажу таксама дабіваецца добрай выпрацоўкі. Нездарма кіраўніком сельгаспрадпрыемства падчас нашай гутаркі было названа каля дзесятка прозвішчаў механізатараў, якія паказваюць узорнае старанне на нарыхтоўцы кармоў. Гэта Іван Макарэвіч, Аляксандр Торчык, Віктар Ахрамовіч, Дзмітрый Савіцкі, Сяргей Макарэвіч, Алег Купрацэвіч і іншыя. Менавіта сіламі і стараннем гэтых працаўнікоў поўніцца фуражны запас гаспадаркі. Дарэчы, у мясцовых корманарыхтоўшчыкаў ёсць добрая магчымасць павялічыць тэмпы назапашвання кармоў. У гэтым яны могуць спадзявацца на міжгаспадарчы кормаздабываючы атрад, у якім задзейнічана і тэхніка КСУПа “Марохараўскі”.