ТАЛЕНТ, ДАДЗЕНЫ БОГАМ
Кожны чалавек, кажуць, прыгожы і таленавіты па-свойму. А вось настаўнік — асаблівы чалавек. Ен дае пуцёўку ў жыццё, настаўляе. З імем настаўніка звязана амаль усё чалавецтва, таму што ён дорыць людзям веды, пачуцці, мары, натхненні.
Я хачу павесці аповед аб настаўніцы фізікі і матэматыкі Дзякавіцкага навучальнага-педагагічнага комплексу Чэркас Казіміры Мечыславаўне.
Нарадзілася Казіміра Мечыславаўне ў в. Альшанка Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыла Вішнеўскую сярэднюю школу. Працавала піянерважатай у Вайгонаўскай васьмігадовай школе. Потым была вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Леніна на механіка-матэматычным факультэце, які скончыла ў 1978 годзе. Была накіравана на працу ў нашу вёску настаўніцай матэматыкі. Мясцовасць маладой настаўніцы адразу спадабалася. Людзі нядрэнныя, простыя, працавітыя, гасцінныя. Вучні даверлівыя, старанныя, адказныя.Таму інтарэс да працы з кожным днём узрастаў.
Пазайздросціў на маладую настаўніцу мясцовы хлопец Анатоль. У хуткім часе маладыя пажаніліся, нарадзілі дваіх дзетак, сына і дачушку. Анатоль быў клапатлівым мужам, добрым бацькам. Яго паважалі ў вёсцы. Але нядоўгім было сумеснае жыццё з каханай жонкай і любымі дзецьмі. Анатоль трагічна загінуў у 45-гадовым узросце, у самым росквіце сіл. Так і не парадаваўся за поспехі дзяцей.
Ад болю сэрца ледзь вытрымала, але жыць трэба. Трэба было падымаць дзяцей.
Сын Віця скончыў ваенную акадэмію. Жыве ў Віцебскай вобласці. Працуе намеснікам начальніка штаба дывізіёна. Жанаты, мае дваіх дзетак.
Дачка Надзя скончыла філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Зараз жыве ў Германіі і вучыцца там у вышэйшай навучальнай установе.
Усё, здаецца, добра. І работа па душы, і вынікі ад яе паспяховыя. Але настаўнікам у цяперашні час працаваць складана. Сам ён павінен мець грунтоўныя веды па свайму прадмету, увесь час удасканальваць сваё майстэрства, быць эрудыраваным, інтэлектуальным, заўсёды павышаць свой узровень.
Такая яна, Казіміра Мечыславаўна. Працоўны стаж яе склаў 38 год на ніве адукацыі. Яна — ветлівы і добразычлівы чалавек. Яе любяць вучні, паважаюць бацькі, калегі па працы, адміністрацыя. Яе праца неаднаразова адзначана аддзелам адукацыі. Казіміра Мечыславаўна жыццярадасная, неабыякавая, з пачуццём адказнасці. Яна ніколі не пакіне ў бядзе, заўсёды супакоіць і падтрымае.
І мне хочацца пажадаць маёй настаўніцы моцнага здароўя (яго так зараз не хапае), сямейнага дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця. Нізкі паклон Вам за Вашу працу!
Е. ЧЭРКАС, бібліятэкар.