Расцвілі вясёлкамі таленты
Ад рознакаляровай святочнай вопраткі, прыўзнятага настрою дзяцей з садавых груп, школьнікаў і іх выхавацеляў і педагогаў актавая зала Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №3, здаецца, стала яшчэ шырэйшай і святлейшай. Была для такой святочнай атмасферы паважаная нагода, якую і абвясцілі вядучыя Юлія Шугля і Анастасія Даўгунец, — узнагароджанне пераможцаў раённай даследчай канферэнцыі школьнікаў і фестывалю дзіцячай творчасці “Вясёлка талентаў”.
Зараз ужо ніхто не можа дакладна назваць той момант, калі паяўляюцца першыя зоркі. Аднак цвёрда вядома, што многія з іх нараджаюцца менавіта тады, калі людзі жывуць у гармоніі з прыродай, глыбока адчуваюць цудоўнае, прыгожае, калі іх справы прыносяць толькі карысць.
Слова для прывітання было прадастаўлена намесніку начальніка аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама Генадзю Бароўскаму. Ен жа адным з першых і ўручыў пераможцам дыпломы. Яны праявілі сябе з лепшага боку ў работах на многія тэмы, у тым ліку “Таленты роднай зямлі”, “Скарбонкі мудрасці народнай”, “Вобраз Максіма Багдановіча ў творах жывапісу і скульптуры” і многіх другіх тэмах і намінацыях.
Дыпломы пераможцам уручылі таксама галоўны спецыяліст аддзела культуры Марына Кішкурно і начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама Уладзімір Саўчыц.
Для перможцаў у гэты дзень гучалі самыя цёплыя словы віншаванняў, песні, выконваліся танцы. І ўсе засталіся задаволеныя фестывалем “Вясёлка талентаў”.
С. ВІЛЬЧЫК. Фота В. КІЖНЕВА.