Аграрыі выйшлі на старт

Чарговы маладзёжны турнір спартыўных каманд арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Жыткаўшчыны яскрава засведчыў, што аграрыі нашага раёна не толькі ўмеюць плённа працаваць над вырашэннем вытворчых задач, але з неменшым азартам і стараннасцю спаборнічаюць на спартыўных этапах.


Турнір, які ладзіўся на стадыёне сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 2 горада Турава, сабраў пяць каманд. Аспрэчваць першынство прыехалі маладыя работнікі з адкрытых акцыянерных таварыстваў “Тураў”, “Тураўшчына”, “Жыткавічыхімсервіс”, “Жыткавіцкі агратэхсервіс” і НПС “Тураў”. Бясспрэчна, што такое прадстаўніцтва парадавала арганізатараў гэтага спартыўнага мерапрыемства, бо не вельмі часта можна бачыць разам столькі каманд аграрнікаў па прычыне іх занятасці. Але гэты недахоп у поўнай меры кампенсавалі падчас спаборніцтваў яго ўдзельнікі, якія прадэманстравалі волю да перамогі, вытрымку, праявілі камандны дух і настойлівасць.


Пачалося мерапрыемства з традыцыйнага агульнакаманднага пастраення і прывітальных слоў спартсменам. Іх выказалі ўдзельнікам турніру начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзяніс Гаўрылаў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Дашкевіч. Пасля чаго ўсім была дадзена каманда “На старт”. Першы этап спаборніцтваў камандны, удзельнікі мераліся сілай у перацягванні каната. Конкурс, дзе найбольш праявілі маладыя работнікі дух адзінства. “ Узяліся! Раз! Яшчэ раз! Дружней!” — падбадзёрвалі сябе воклічамі спартсмены. І гэта дапамагала, надавала напружанасці. Асабліва гэта праявілася, калі змаганне вялі каманды ААТ “Тураўшчына і ААТ “Тураў”. Толькі ў вочным супрацьстаянні яны вызначылі, хто зойме другое і трэцяе месцы. А пераможцам тут стала каманда з НПС “Тураў”. Дарэчы, яшчэ двойчы работнікі гэтай арганізацыі выходзілі пераможцамі этапаў. Гэта невыпадкова і сведчыць аб тым, на якім добрым узроўні ў вышэйзгаданай арганізацыі пастаўлена фізкультурна-аздараўленчая работа. Ды і вопытнасць каманды таксама сказалася на выніку яе выступлення.


Гэтак жа арганізавана ўсе каманды прынялі ўдзел у турнірах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, падняцці гіры, а таксама конкурсе па аказанню першай медыцынскай дапамогі. Да гонару арганізатараў турніру, а іх было некалькі: раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК, аддзел па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, раённае таварыства Чырвонага крыжа і ДТСААФ, удала прадумалі праграму мерапрыемства. Таму ўдзельнікі маглі паказаць не толькі свае ўменні дзейнічаць сумесна ў камандзе, але і індывідуальнае майстэрства. Засяроджанасць і трапнасць — вось тыя якасці, што патрабавалася праявіць удзельнікам у стральбе і дартсе. Скажам, што і асілкаў у калектывах аграрыяў дастаткова. Аб чым гавораць вынікі па падняццю гіры. Больш чым па сотні разоў штурхнулі гэты снарад прадстаўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына” і “Жыткавічыхімсервіс”, якія адпаведна і сталі пераможцамі ў гэтым практыкаванні. Самымі ж трапнымі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі былі прадстаўнікі ААТ “Тураў”. Нядрэнныя веды былі прадэманстраваны членамі каманд і падчас конкурсу па аказанню першай медыцынскай дапамогі. Па многіх пытаннях былі дадзены вычарпальныя адказы. А тэмы пытанняў закраналіся даволі шырокія: і тэхніка бяспекі, і арганізацыя здаровага ладу жыцця, і барацьба са шкоднымі звычкамі, і многае іншае.


Канцоўка спаборніцтваў была не менш лёгкай. Для яе арганізатары прыпаслі самае складанае выпрабаванне — камбінаваную эстафету з некалькіх этапаў. Камандам неабходна было прабегчы круг вакол стадыёна з многімі перашкодамі: лабірынтам, кракадзілам, кінуць гранату, ажыццявіць транспарціроўку пацярпеўшага, пераадолець некаторую адлегласць па нацягнутай вяроўцы. Справіліся і з гэтым турам маладыя работнікі паспяхова. Хаця многім прайсці па такой складанай дыстанцыі было і нялёгка, але падтрымалі сябры. Байцоўскі характар праявілі спартсмены з агратэхсервісу, членам каманды з-за няпоўнага складу прыходзілася пераадольваць па некалькі разоў спартыўныя снарады. Але незважаючы на гэтую акалічнасць і яны завяршылі эстафету паспяхова.


Фінальнае пастраенне ўсе ўдзельнікі спартакіяды сустракалі з добрым настроем. Начальнік аддзела па справах моладзі Дзяніс Гаўрылаў і першы сакратар райкама БРСМ Станіслаў Магер узнагародзілі каманды пераможцу і прызёраў, якія прадстаўлялі калектывы НПС “Тураў”, ААТ “Жыткавічыхімсервіс” і “Тураўшчына”. Ад арганізатараў прызы і дыпломы таксама атрымалі пераможцы ў асобных дысцыплінах.


Відавочна, што спартыўныя мерапрыемствы сярод калектываў аграрнай галіны раёна становяцца ў нашым раёне традыцыйнымі. Ад спартакіяды яе ўдзельнікі атрымалі не толькі добры зарад бадзёрасці, а кіраўнікі каманд зрабілі для сябе пэўныя карысныя высновы.


— Правядзенне такіх мерапрыемстваў — справа вельмі добрая і паказвае ў якім накірунку развіваць спартыўна-фізкультурнае жыццё ў калектыве, — зазначае намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Уладзімір Чарнушэвіч. — Займацца спортам у нас ёсць каму, як ні кажы, а болей за восемсот работнікаў працуе, таму патрэбна планаваць, каб у штаце быў і свой інструктар па спорту, форму спартыўную патрэбна прыдбаць. Цяпер, калі прыярытэтным накірункам у нашай краіне лічыцца здаровы лад жыцця, такія падыходы павінны толькі вітацца.


Высокая адзнака спаборніцтвам дадзена і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Дашкевічам, кіраўніком таварыства Чырвонага Крыжа Ларысай Фраловай. Ды і ўдзельнікі каманд таксама былі не расчараваны, што ім удалося сустрэцца. Гэта прамое сведчанне, што такія спаборніцтвы патрэбны, ад чаго ў выйгрышы будзе нямала людзей.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.