Папаўняецца фуражны запас
У народзе кажуць: дождж ідзе не там, дзе просяць, а там, дзе косяць.Сапраўды, пакуль надвор’е не спрыяе корманарыхтоўшчыкам раёна. З папраўкай на пагодныя ўмовы вядуць нарыхтоўку травяністых кармоў у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Людзяневічы”.
— Некалькі дзесяткаў гектараў скасілі на сена, але дажджы не далі ажыццявіць нашы планы, — расказвае пра ход корманарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Ульяновіч. — Цяпер усе тэхнічныя сілы гаспадаркі засяроджаны на нарыхтоўцы кансерваванага травяністага корму. Ужо ім закладзена першая траншэя, а гэта больш тысячы тон.
— Некалькі дзесяткаў гектараў скасілі на сена, але дажджы не далі ажыццявіць нашы планы, — расказвае пра ход корманарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Ульяновіч. – Цяпер усе тэхнічныя сілы гаспадаркі засяроджаны на нарыхтоўцы кансерваванага травяністага корму. Ужо ім закладзена першая траншэя, а гэта больш тысячы тон.
Уся кормаздабываючая тэхніка гаспадаркі аб’яднана ў адзін механізаваны атрад, які на цяперашні час працуе ва ўрочышчы Грычын. Гэта два КЗРы на здрабненні масы і сем адзінак тэхнікі на адвозцы. Магутныя К-700 і “Амкадор” задзейнічаны на трамбоўцы траншэі. Развярнуцца на ўсю моц гэтай сілішчы ёсць дзе, урочышча нагадвае бяскрайняе мора з травы.
— Настрой на працу ў людзей, так бы мовіць, баявы, задачы, якія пастаўлены перад імі, ведаюць: нарыхтаваць паўтарагадавы запас кармоў, — зазначае Віктар Несцеравіч, — таму працуюць людзі да позняга вечара. Умовы для працы створаны: падвозяцца гарачыя абеды, наладжана буксіроўка і іншае. Механізатары працавалі, нягледзячы нават на вялікія рэлігійныя святы, у выхадныя. Грамадская жывёлагадоўля гаспадаркі не раз цярпела падчас зімоўкі ад недахопу травяністых кармоў, таму цяпер стараемся скарыстаць усе магчымасці, каб сёлета мець іх у дастатку. Людзі гэта разумеюць, і робяць усё, каб пастаўленую задачу выканаць.
Аптымізм кіраўніка падзяляе і механізатар Вячаслаў Чэркас, які працуе на здрабненні травяной масы.
— Працуецца з задавальненнем. Гэтаму спрыяе і новы кормаздабываючы комплекс, за мной замацавалі. Машына пакуль не падводзіць. Дастаткова і тэхнікі на адвозцы, таму прастояў няма, — адзначае Вячаслаў Аляксандравіч.
Гэта вопытны механізатар, за плячыма якога не адна корманарыхтоўчая кампанія. Раней працаваў на КСК. Таму добра ведае цану летняга дня падчас уборкі траў. Зыходзячы з гэтага так і шчыруе. Не марудзіць. Прыехаўшы на луг, хутка аглядае камбайн, запраўляе і за работу. Яна ж у мясцовых кормаздабытчыкаў нялёгкая. Лугі ў асноўным размешчаны на асушаных тарфяніках, з –за дажджоў месцамі яны сталі практычна непраходнымі нават для такой магутнай тэхнікі. Як расказваў кіраўнік гаспадаркі, бывае так забуксуе, што некалькімі магутнымі трактарамі з цяжкасцю выцягваюць. Аднаму механізатару нават прыйшлося ўручную выгрузіць поўны прычэп масы, каб выбрацца з гразі. Але гэтая неспадзяванасць не выбівае з працоўнага рытму. Аб чым сведчыць бесперапынны рух аўтамашын і трактароў з сенажаці да месца закладкі.
Дбаюць людзяневіцкія корманарыхтоўшчыкі не толькі пра колькасныя паказчыкі будучага корму. Вялікая ўвага надаецца якасці. Таму стараюцца, каб травяная маса паступала ў траншэю толькі з кансервантам, каб належным чынам вялася яе трамбоўка. Немалаважнае значэнне надаецца і тэрмінам закладкі. Гэта ўсё, па словах Віктара Несцеравіча, дапаможа мець якасны і спажыўны корм .
З кожным днём корманарыхтоўчая кампанія ў КСУПе “Людзяневічы” шырыцца. Але працы на сенакосных угоддзях яшчэ шмат. Толькі мясцовыя працаўнікі ўпэўнена ідуць да пастаўленай мэты. Па максімуму збіраюцца ў гаспадарцы зрабіць запас кармоў з траў першага ўкосу. Яшчэ адзін рэзерв — кукуруза, пад якую адведзена тысяча гектараў. На многіх палетках ужо з’явіліся дружныя ўзыходы гэтай культуры.
С. БЕЛКА.