Дом для шчасця
У пакінутым будынку былой Градаўской школы ў хуткім часе зноў зазвіняць дзіцячыя галасы. Тут будзе дзіцячы дом сямейнага тыпу, адкрыццё якога адбылося нядаўна.
Каб прывесці стары занядбалы будынак у парадак, нямала папрацавалі валанцёры з Ірландыі, паліцэйскія і студэнты паліцэйскага каледжа. Літаральна за тыдзень яны зрабілі ў былой школе капітальны рамонт: узвялі новы дах, устанавілі вокны, адрамантавалі пакоі, наладзілі сістэму ацяплення, агарадзілі падворак, выканалі многа іншай работы. Гаспадар дзіцячага дома Канстанцін Цупік работай валанцёраў застаўся задаволеным і спадзяецца, што для яго траіх прыёмных дзяцей тут будзе прасторна і ўтульна.
— Канечне, у кожнага дзіцяці павінна быць свая сям’я, — зазначае ў гутарцы Канстанцін Міхайлавіч. — Хаця нялёгкая справа быць прыёмнымі бацькамі, але я спадзяюся, што ў нас з жонкай гэта атрымаецца, і нашы дзеці будуць шчаслівымі.
Адкрыццё дома сямейнага тыпу для Грады стала даволі значнай падзеяй. Шмат людзей сабралася на гэтае мерапрыемства на падворку. У ліку іх галоўны выканаўчы дырэктар міжнароднай арганізацыі “Chernobyl children’s project International” Эддзі Роуч, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Жыткавіцкага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Трухановіч і іншыя.
Урачыстасць адкрылася эмацыянальнай прамовай Эддзі Роуч, якая адзначыла стараннасць будаўнікоў за выкананую працу, выказала ім цёплыя словы падзякі і ўсім тым людзям, хто дапамагаў у такой высакароднай справе.
— Мы добра ведаем пра вашы праблемы, — зазначыла ірландская госця, — і па магчымасці будзем аказваць пасільную дапамогу. Адкрыццё дзіцячага дома ў Градзе з’яўляецца вынікам такога супрацоўніцтва, праяўлення міласэрнасці, бо кожнае дзіця, ірландскае ці беларускае, мае права жыць у сям’і.
Словы падзякі за аказаную дапамогу па стварэнню дзіцячага дома сямейнага тыпу выказаў ірландцам намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, які таксама падкрэсліў важнасць гэтай справы.
Потым Валерый Маркавіч і Эддзі Роуч пад гучныя аладысменты прысутных перарэзалі чырвоную стужку, тым самым абвясцілі, што яшчэ на адзін дом сямейнага тыпу пабольшала ў нашым раёне. Дарэчы, гэта трэцяя падобная ўстанова на Жыткаўшчыне, якую дапамаглі адкрыць ірландцы.
У хуткім часе сям’я Цупікаў перабярэцца ў новае жыллё. Няхай яно для іх стане домам шчасця. Канечне, што і самім ім прыйдзецца нямала папрацаваць, каб гэта сталася. І работы ў гэтым плане будзе і бацькам, і іх дзецям.
С. МІКАЛАЕЎ.