Хлеб памяці
Жыхароў вёсак Поўчын, Князь-Бор, Загацце і Вільча ў чарговы раз наведаў аўтаклуб раённага аддзела культуры пад кіраўніцтвам Любові Феакціставай. Мерапрыемствы былі прымеркаваны да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі.
У Поўчыне быў праведзены дзень памяці спаленай вёскі “І плачуць кветкамі магілы”. Акцыя была падрыхтавана сумесна з саветам ветэранаў, раённым метадычным цэнтрам і цэнтральнай бібліятэкай. Вяскоўцы падзяліліся ўспамінамі пра вогненныя ваенныя гады. Кожны жыхар Поўчына атрымаў па кавалачку так званага хлеба памяці. Прагучалі песні ваенных гадоў.
У Вільчы была праведзена акцыя: “Сустрэча: як жывеш, ветэран?” Госці наведалі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Лідзію Людвікаўну Танчынскую і Адама Міронавіча Кулакевіча, уручылі кветкі. Быў дадзены змястоўны, цікавы канцэрт, кожны нумар прыезджых самадзейных артыстаў суправаджаўся дружнымі, шчырымі апладысментамі вяскоўцаў.
Ва ўсіх чатырох населеных пунктах перад мясцовымі жыхарамі выступілі з кансультацыямі фельчар-валеолаг раённага цэнтра эпідэміялогіі і гігіены Вольга Літвяк, інспектар групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аркадзь Лагун, юрысконсульт раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай дапамогі насельніцтва Мікалай Жураўлевіч. Людзям былі раздадзены інфармацыйныя лісткі.
С. ВІЛЬЧЫК.