Традыцыя быць лепшым

У 1964 годзе ля вёскі Ленін спынілася геалагічная экспедыцыя. Мясцовыя жыхары прыветліва і цёпла сустрэлі яе членаў. Для Дзмітрыя Давыдзюка гэтая акалічнасць стала вызначальнай на ўсё жыццё. Тады ён, малады хлопец, закахаўся ў мясцовую дзяўчыну Марыю, і хутка згулялі вяселле. У 1968 годзе Дзмітрый Васільевіч уладкоўваецца на працу механізатарам у тутэйшае сельгаспрадпрыемства. Адразу ж праявіў сябе як працавіты спецыяліст, які дасканала ведае тэхніку і не церпіць заган у працы. Гэта дазволіла яму хутка ўліцца ў лік лепшых механізатараў гаспадаркі, яму сталі давяраць найбольш адказныя ўчасткі работы. Больш дзесяці гадоў працаваў камбайнерам.


Прызначыла кіраўніцтва Давыдзюка звенявым і па вырошчванню бульбы. Дапамаглі асвоіць тэорыю, а для практыкі выдзелілі бульбаводчаму звяну 200 гектараў зямлі. З вялікай адказнасцю Дзмітрый Васільевіч узяўся за новую для сябе справу. Вывазка арганікі, падрыхтоўка глебы, пасадка бульбы, догляд за ёй і ўборка — усё гэта ўваходзіла ў абавязкі бульбаводаў гаспадаркі. Працаваў звеннявы са сваім напарнікам, як кажуць, ад зары да цямна. І вынік атрымлівалі нядрэнны. Штогод расла ўраджайнасць бульбы. Па 200 цэнтнераў і болей атрымлівалі на пясчаных глебах. Для таго часу гэта была вельмі добрая аддача. За сваю працу Дзмітрый Васільевіч узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені.


Сваю любоў да працы на зямлі Давыдзюк перадаў сыну Уладзіміру, які зараз працуе механізатарам у калгасе “Камуніст” Ельскага раёна. Ганарыцца бацька, што яго сын годна падтрымлівае сямейную традыцыю: старанна працаваць на зямлі. Уладзімір Дзмітрыевіч ужо тройчы станавіўся пераможцам сярод механізатараў вобласці на нарыхтоўцы кармоў.


А. РУДЗІНСКАЯ,старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельсавета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.