Знайсці кветку шчасця

З даўніх часоў у нашай Беларусі ў высокай пашане быў культ сям’і. Старэйшыя, а затым і іх падросшыя нашчадкі мудра лічылі, што за сям’ёй, у якой лад і згода, і шчасце заўсёды коціцца, нібы след за колам фурманкі. У вёсцы дзеці шапталі адзін другому: “Глядзі, вунь пайшлі тыя дзядзька з цёткай, што хораша жывуць…”


Есць, дзякуй Богу, цяпер такія сем’і. Як у вёсцы, так у гарадах і мястэчках. Менавіта яны, як пчолкі мёдам свае соты, і мацуюць дзяржаву, робяць яе знітаванай і надзейнай. Нездарма ж кажуць: моцная сям’я — моцная дзяржава.


Жывуць такія сем’і і ў нашым райцэнтры. І ў ліку іх — сям’я Шрубаў з мікрараёна Азёрны, Фёдара Антонавіча і Алены Ігнатаўны. Якія штораніцы кожнага новага працоўнага дня накіроўваюцца разам у адну недалёкую дарогу — у адкрытае акцыянернае таварыства “Пратон”. Тут Фёдар Антонавіч працуе галоўным інжынерам. А яго жонка Алена Ігнатаўна — начальнікам вытворчасці.


Хаця ў Алены Ігнатаўны і маецца свой прасторны службовы кабінет, толькі ў ім яе не заўсёды застанеш. Бо яна — начальнік вытворчасці, а таму і павінна ў сваіх штодзённых клопатах быць бліжэй да гэтай самай вытворчасці, да людзей і станкоў, дзе куецца асноўная прадукцыя прадпрыемства.


— У вас, Алена Ігнатаўна, не зусім звыклая для жанчыны работа. У сваёй большасці дзяўчынкі пасля заканчэння школы ідуць у медыцыну і адукацыю, становяцца бухгалтарамі, эканамістамі.


— Так, я разумею вашу цікавасць, — усміхаецца гэтая ветлівая, сабраная і энергічная жанчына. — Але ўся справа ў тым, што ў Смаленску, дзе я нарадзілася, работа маіх бацькоў была звязана з авіяцыйным заводам. Таму і я пасля школы чатыры гады вучылася ў мясцовым авіяцыйным тэхнікуме, асвоіла апрацоўку металаў.


Пасля заканчэння яго вясною 1983 года дзяўчыну па размеркаванні накіроўваюць у Жыткавічы, на новы маторабудаўнічы завод. Працаваць пачынала тэхнолагам, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, канструктарам. А праз некаторы час тэхнолагам была прынята на малады завод “Пратон”, які адгалінаваўся ў самастойную структурную адзінку ад маторабудаўнічага завода. І вось ужо каля двух дзесяткаў гадоў адказвае тут за вытворчасць. А гэта 30 рабочых розных спецыяльнасцей, столькі ж, калі не болей станкоў, аб’ёмы работ, іх тэмпы і якасць. Яна заўсёды знаходзіць падтрымку і паразуменне з боку дырэктара Ніны Мікалаеўны Рамановіч. Не хавае задавальнення, душэўнай радасці, калі на прадпрыемства завозяцца сучасныя станкі, паступае новае абсталяванне, калі іхнія рабочыя шарэнгі папаўняе моладзь. Тут не лічацца з асабістым часам, калі ёсць вытворчая неабходнасць, працуюць і ў суботу, і па вечарах. Бо галоўнае — прэстыж прадпрыемства, якое стала родным, яго поспехі і далейшы росквіт. Так, як і на кожнай рабоце, ёй таксама бывае цяжка. Але галоўнае, што абраная работа па душы, што яна прыносіць душэўнае задавальненне.


На ўсе добрыя справы хапае часу ў Алены Шруб. Яна — старшыня наглядальнага савета і прафкама, можна пабачыць на лыжні і за тэнісным сталом. Алена Ігнатаўна і Фёдар Антонавіч — бацькі двух сыноў, дзеля будучага шчасця якіх яны, уласна кажучы, і жывуць.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.