“З любоўю да песні”
Глядзельная зала Дзякавіцкага Дома культуры была перапоўнена. Сюды прыйшлі не толькі людзі маладога ўзросту, але і пажылыя. Усе чакалі выхаду на сцэну самадзейных артыстаў.
Пасля ўступнага слова вядучай са сцэны палілася прыгожая мелодыя, а на змену ёй была выканана гарэзлівая песня “Цыганочка Аза-Аза”.
Рэпертуар у гэтага калектыву шматжанравы: тут і народная песня, і лірычная, і добрая байка, і верш пра прыгажосць роднага Палесся. Есць нават месца народнаму танцу, што ўжо рэдка можна ўбачыць на сцэне.
Гарэзліва, з прытанцоўкай былі выкананы песні “Палюбіла я…”, “Міленькі мой” Таццянай Аляксандраўнай Рэхцік і Мікалаем Васільевічам Рагалевічам, былым дырэктарам клуба. Прыгожа потым палілася мелодыя песні “Шыпшына”, якую выконвалі Валянціна Міхайлаўна Рагалевіч, Галіна Адамаўна Жураўлевіч і Святлана Аляксандраўна Рагалевіч. Не магла не крануць душу гледача мелодыя песні “Із-под каменя”, якая вельмі прыгожа гучала ў выкананні Лідзіі Пятроўны Рагалевіч і Надзеі Іванаўны Мірановіч.
Прыгожа спявае песні Сяргей Мікалаевіч Васіленка, які любіць песні і народныя, і лірычныя, і на ваенную тэматыку. А самая старэйшая ўдзельніца хору не толькі добра спявае, але столькі ведае песень, што ў мех не памесціш. Гэта Вольга Сяргееўна Рагалевіч.
А вось Таццяна Іванаўна Рагалевіч і Лідзія Пятроўна Рагалевіч так прыгожа выконваюць народныя танцы, што нельга не палюбавацца іх выкананнем. У народзе кажуць так, што песня падоўжвае жыццё чалавека. Гэта сапраўды так. Дык няхай жа гучаць песні ў нашых вёсках заўсёды.
Раней была традыцыя: абменьвацца канцэртамі паміж клубамі. Дык патрэбна культработнікам аднавіць гэтую традыцыю, каб сельскі жыхар не адчуваў сябе адзінокім, асабліва ў доўгія зімовыя вечары, таму што не “хлебам адзіным жыве чалавек”, таму жывому чалавеку патрэбна і песня, і жывое слова.
Кіраўніцтву раённага аддзела культуры хацелася б пажадаць, каб больш звярталі на гэта ўвагі і дапамагалі мастацкім калектывам.
Н. ЧЭРКАС, в. Дзякавічы.