Урач па прызванню
Плён сваёй працы загадчык тэрапеўтычным аддзяленнем паліклінікі Ірына Яхно вымярае колькасцю падзяк ад людзей. Дзякуюць Ірыне Міхайлаўне людзі за яе чуласць і прафесіяналізм. Гэтаму быў сам сведкам, калі наведаўся ў паліклініку.
Ва ўрача Яхно тады быў самы звычайны рабочы дзень. Яна ў сваім кабінеце вяла прыём хворых. Тыя па чарзе заходзілі ў кабінет да Ірыны Міхайлаўны, яна церпліва кожнага выслухоўвала, давала парады, прызначала лячэнне. Прыём у тэрапеўта заканчваўся цёплымі словамі падзякі і пажаданняў, якія ўрачу адрасавалі наведвальнікі за яе клопат.
— Ірына Міхайлаўна такі добры і душэўны чалавек, так уважліва адносіцца да сваіх пацыентаў, ужо ад такіх адносін, здаецца, пачынаеш папраўляцца, — гаворыць аб медыку пацыентка Вера Смольская пасля прыёму.
Працоўную дзейнасць на Жыткаўшчыне Ірына Міхайлаўна распачала з 1990 года. Да гэтага была вучоба ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце, год працы ў Пінску. Дарэчы, у гэтым горадзе Ірына Міхайлаўна нарадзілася і вырасла. Тут і з’явілася ў яе мара стаць медыкам. Прыкладам для гэтага быў дзядзька, які працаваў урачом. Ды і маці таксама медсястра па спецыяльнасці. Не раз дзяўчынкай прымярала яе белы халат і шапачку.
У Жыткавічах пачынала ўчастковым тэрапеўтам. Цяпер Ірына Міхайлаўна загадвае тэрапеўтычным аддзяленнем паліклінікі. Калектыў, па словах загадчыка, даволі зладжаны і дружны, у якім агранічна спалучаецца вопыт і маладосць. А гэта спрыяе толькі справе па ахове здароўя людзей.
Нагрузка на медперсанал аддзялення прыходзіцца немалая. Девяць урачоў і дзесяць медсясцёр абслугоўваюць семнаццаць тысяч дарослага насельніцтва. Акрамя таго, што яны вядуць прыём пацыентаў непасрэдна ў паліклініцы, яшчэ многа працуюць на ўчастках. Свой участак мае і загадчык аддзялення. Ен па памерах даволі значны. Уключае практычна ўсе вуліцы і мікрараёны заходняй часткі райцэнтра. Нягледзячы на аддаленасць і раскіданасць участка Ірына Міхайлаўна наведваецца туды пастаянна, бо там нямала людзей, якім патрэбна яе дапамога.
Ірынай Міхайлаўнай абранай справе аддадзены многія гады. І тое, як адносяца пацыенты да гэтага ўрача, сведчыць, што яна праявіла сябе як сапраўдны прафесіянал. А іншага ад чалавека і не прыходзіцца чакаць, калі ён адносіцца да выканання сваіх абавязкаў з адказнасцю і стараннем. Таму і зразумела, чаму ў адрас тэрапеўта Яхно пастаянна гучаць падзякі ад людзей.
С. МІКАЛАЕЎ.