У госці да настаўніцы

Каляда. Шчодрыкі. Таямнічасць народных традыцый, абрадаў хвалюе сучасную моладзь. Вядома, з часам нешта сціраецца, губляецца, але ад таго яшчэ болей расце цікавасць да народных святкаванняў.


Вясёлай, гаманлівай кампаніяй адправіліся вучні Верасніцкай школы ў госці да Еўдакіі Рыгораўны Белка, настаўніцы-пенсіянеркі. Еўдакія Рыгораўна ветліва адчыніла дзверы сваім гасцям. Дзяўчаткі прыйшлі не толькі з салодкім падарункам, але і з шэрагам пытанняў. Іх цікавіла, як калядавала, варажыла, забаўлялася моладзь у былыя часы.


Еўдакія Рыгораўна яскрава расказвала аб тым, як праходзілі калядкі ў Заходняй Беларусі. Дарэчы, яна ўпершыню ўбачыла калядаванне на Столішчыне перад самай вайной. Здзівіла яе зорка, упрыгожаная стужкамі. Калядаваць хадзілі маладыя хлопцы. Спявалі пад вокнамі хат. Гаспадары частавалі пірагамі, каўбасамі, а грошай не было. Не давалі ў тыя часы грошы. Тут жа на Тураўшчыне, калядавалі больш сталыя людзі, а моладзь — не. У школе тое строга забаранялася. Успамінаючы гады маладосці, Еўдакія Рыгораўна раптам пачала аповед пра цяжкасці ваеннага і пасляваеннага часу. Як у свае 15 гадоў зведала нямецкі палон. Партызаны пад Вільчай спрабавалі адбіць іх у немцаў, але не атрымалася. Пад Мікашэвічамі палонныя будавалі ўмацаванні. З наступленнем савецкіх войск іх пачалі гнаць на Захад. Пад Пінскам Еўдакія зразумела, што іх вядуць за мяжу і вырашыла ўцякаць. Ноччу скацілася з высокага насыпу, некаторы час перачакала, калі калона з палоннымі прайшла. Пасля подбегам кінулася на Усход, дадому. Яна не жадае такой маладосці людзям. Няхай лепей калядуюць, варажаць на шчаслівую будучыню. Якія гадкі, такія і захапленні.


Дзяўчаткі адчулі, што Еўдакія Рыгораўна шмат перажыла. Спахапіліся, агледзеліся. Прапанавалі гаспадыні дадому і дроў прынесці, і вады. Але яна адмовілася. Усё ў яе ў парадачку, сыны дапамагаюць. Яшчэ пагаварылі аб вучобе, аб сучасных падручніках.


Зімовае сонейка зазірнула ў шыбу акна, напомніла, што дзень кароткі, хутка сцямнее. Госці дзякавалі за гутарку і парады. Развітваліся з найлепшымі пажаданнямі Еўдакіі Рыгораўне, але добра разумелі, што не раз, мабыць, наведаюць гэты дом. Настаўнік, нягледзячы на гады, застаецца заўсёды настаўнікам. У яго ёсць чаму павучыцца. Добрага здароўя Вам, Еўдакія Рыгораўна. Да сустрэчы.


Ліза ТОЧКА, Алёна БАРТНОЎСКАЯ, Юлія БЕЛКА, Крысціна КОСТЫЛЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.