Шлях ад трагедыі да жыцця
Поўныя залы гледачоў, іх дружныя апладысменты — так цёпла і з радасцю сустракалі жыхары Бялёва і Дубровы ўдзельнікаў рэспубліканскай культурнай акцыі “Чарнобыльскі шлях — дарогай жыцця”. Адбылося гэтае вялікае мерапрыемства ў мінулыя выхадныя.
Са сцэн Дамоў культуры гэтых населеных пунктаў перад вяскоўцамі выступілі сталічныя артысты і калектывы: музычны дзіцячы тэатр “Фантазія”, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь дзяржаўны ансамбль танца пад кіраўніцтвам У. Дудкевіча, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь С. Салодкая, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Стэла, Ігар Задарожны і вядучы Дзмітрый Грын.
Акцыя накіравана не толькі на прыцягненне ўвагі да праблем людзей, якія пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі, але і выяўленне маладых талентаў. Таму са сцэны разам са знакамітымі артыстамі сваё майстэрства прадэманстравалі мясцовыя дзіцячыя калектывы і юныя выканаўцы. Дарэчы, зазначым і тое, што мерапрыемства “Чарнобыльскі шлях — дарогай жыцця” сёлета праходзіць 24 разы, і не аднойчы на жыткавіцкай зямлі.
С. БЕЛКА.