“Пратон-М”: зарад на поспех
На шляху свайго станаўлення калектыву адкрытага акцыянернага таварыства “Пратон-М” прыйшлося пераадолець нямала цяжкасцей. У самы крытычны момант для прадпрыемства, калі яно наблізілася да мяжы банкруцтва, яго ўзначаліла Ніна Рамановіч. Менавіта з дзейнасцю гэтай жанчыны на кіруючай пасадзе цесна звязаны ўсе тыя станоўчыя перамены, якія адбыліся ў таварыстве за апошняе дзесяцігоддзе.
Мінулы год для суб’ектаў гаспадарання па вядомых прычынах складваўся не вельмі ўдала. Зачапіў крызіс і “Пратон-М”. Хаця гэта не адбілася на вытворчасці, а вось пэўныя праблемы з плацяжамі ад пакупнікоў прадукцыі былі. Не разлічваліся за пастаўленыя ім дэталі і вузлы па некалькі месяцаў. Як зазначыла Ніна Мікалаеўна, на прадпрыемстве з разуменнем адносіліся да цяжкасцей партнёраў, адгружалі ім сваю прадукцыю ў доўг. Абумоўлена гэта было толькі тым, каб не страціць сваіх пастаянных заказчыкаў. Тым больш што ў іх ліку вядучыя прадпрыемствы рэспублікі “Бабруйскаграмаш”, “Бабруйсксельмаш”, трактарны завод, “Камунмаш” і іншыя. Магчыма, такая пазіцыя кіраўніцтва “Пратона” ў пэўнай ступені дазволіла не толькі мінімізаваць наступствы крызісу, але і дабіцца нядрэнных вынікаў і ў мінулым годзе. У лічбах гэта выглядае наступным чынам: рост па аб’ёму вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах летась пры заданні 112,5 працэнта склаў 112,6 працэнта, а рэнтабельнасць пры заданні 4,5 працэнта дасягнута 6 працэнтаў.
У народзе кажуць, што бяда не толькі мучыць, але і гаспадарыць вучыць. Гэтае выслоўе найяскравей характарызуе дзейнасць Ніны Рамановіч і яе каманды. Ніна Мікалаеўна добра памятае ў якім стане было прадпрыемства, калі яна прыняла ім кіраўніцтва.
— Не было свайго вытворчага памяшкання, пастаянных партнёраў на прадукцыю, працавалі, так бы мовіць, па сезону, крэдыторская запазычанасць перавышала дэбіторскую больш чым у два дзесяткі разоў — расказвае дырэктар, — вось з такім незайздросным багажом і прыйшлося пачынаць.
За дзесяць гадоў многае перамянілася ў таварыстве да лепшага. Цяпер у “Пратона” маецца свая вытворчая база, і працаўнікі прадпрыемства пастаянна дбаюць пра яе добраўпарадкаванне. Абнаўляецца штогод і абсталяванне, на што грошай не шкадуюць. Толькі за апошнія гады на гэтую справу выдаткавана некалькі мільярдаў рублёў. Няма і затрымак з заработнай платай. У дзесяць разоў знізілася крэдыторская запазычанасць. Наладжаны трывалыя сувязі са спажыўцамі прадукцыі. Адным словам, прадпрыемства запрацавала стабільна. Хаця “выздараўленне” ішло даволі нялёгка. Не раз успамінае кіраўнік, як працавалі ў халодных памяшканнях пакуль абсталёўвалі вытворчую базу, наводзілі парадак у цэхах. І нават пры пераездзе не спынялі выпуск прадукцыі. Звычайнай з’явай была праца ў выхадныя і святочныя дні, без дадатковай аплаты работнікам. Сёння зусім іншая справа. З дзейнасці тых гадоў вынеслі даволі вялікі вопыт выжывання, а яшчэ навучыліся лічыць грошы, выкарыстоўваць тыя перавагі, якія характэрны для малых прадпрыемстваў. Таму зараз спецыялісты “Пратона” гатовы выканаць не толькі заказы на выпуск вялікіх партый прадукцыі для канвеераў буйных прадпрыемстваў, але і штучныя для патрэб мясцовых арганізацый. Многія ў раёне такой магчымасцю скарыстоўваюцца, таму прадпрыемства мае пастаянныя заяўкі на выраб дэталей і ад сельгасвытворцаў раёна, і ад лесаводаў, і іншых.
Поўная самаакупаемасць — характэрная рыса ў рабоце таварыства. Яе дасягаюць не толькі шляхам нарошчвання вытворчасці прадукцыі, але і строгай эканоміяй ва ўсім. У ранг прыярытэтных тут пастаўлена работа па энергазберажэнню і цеплазберажэнню. Зэканомленыя сродкі накіроўваюцца на развіццё вытворчасці і стварэнне належных умоў для працы работнікаў і спецыялістаў. Напрыклад, зараз вядзецца рамонт кабінетаў спецыялістаў і калідораў другога паверха. Робіцца гэта менавіта на зэканомленыя грошы.
Новы год калектыў таварыства пачаў таксама з нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Пры заданні 113 працэнтаў яго выкананне за два месяцы забяспечана на 115.
Як і кожны калектыў яны маюць планы на будучае. Як зазначыла Ніна Мікалаеўна, зараз прапрацоўваецца пытанне па наладжванню выпуска новай прадукцыі, якая будзе запатрабавана на ўнутраным рынку. Плануецца і далейшая мадэрнізацыя вытворчасці. А гэта прамое сведчанне, што калектыў “Пратона” збіраецца і далей крочыць па шляху стабільнасці, на які яны выйшлі ў апошнія гады.
Мінулыя цяжкасці моцна згуртавалі калектыў гэтага прадпрыемства. Тут працуе нямала вопытных прафесіяналаў, прыходзіць і моладзь. Фёдар Шруб і Сяргей Леўчанка, Васіль Матарас і Барыс Петрушкевіч, Леанід Тарасаў і Галіна Леўкавец, Кацярына Новак і Рыгор Саўчыц, Алена Шруб і Марына Корж, Валерый Чабатароў і Іван Бурак, Сяргей Быкаў і Мікалай Мацукевіч, Марына Крэпская і Алена Бандзюк Марына Пупарэвіч і многія іншыя — гэтыя людзі, кожны на сваім участку, сваёй сумленнай працай і дабіваюцца стабільнасці ў рабоце свайго прадпрыемства.
С. БЕЛКА.