Падарылі цудоўны настрой
“Наша Масленіца гадавая, яна госцейка дарагая, яна пешаю не ходзіць, усё на коніках раз’язджае. “Менавіта так пачалося свята Масленіцы ў вёсцы Бялёў, якое ладзілася ля мясцовага сельскага Дома культуры.
Песнямі сустрэлі ўдзельнікі гурта “Весялуха” прыгожую Масленіцу, якая прыбыла са сваёю дружынаю на конях. Песні, прысвечаныя Масленіцы, гучалі ў час свята ў выкананні вучняў Бялёўскай сярэдняй школы і гурта Бялёўскага СДК “Весялуха”. А якое ж свята без спальвання сімвала зімы? Пад музыку і танцы ўспыхнула ачышчальнае вогнішча. І калі полымя пачало лізаць пудзіла зімы, гледачы сталі вадзіць карагоды.
А затым усіх прысутных дырэктар СДК Кацярына Макарэвіч запрасіла пакаштаваць галоўную страву – бліны, сімвал сонца. Яны былі са смятанай, мёдам, варэннем. Не меншым попытам карысталіся і другія стравы, прыгатаваныя ўдзельнікамі гурта “Весялуха” і работнікамі СДК. Адшумела Масленіца, але жыхары вёскі не спяшаліся дадому. Яны шчыра дзякавалі работнікам мясцовага Дома культуры за вясёлае свята, за цудоўны настрой.
М. ФАДЗІШЭЎСКАЯ, А. АГІЕВІЧ, І. ЖОГАЛЬ.