Характар гартавалі выпрабаванні

Калі Давыд Ярмоленка расказвае пра вайну, дык сваіх пачуццяў не саромеецца. Час ад часу з-за слёз, што выступаюць на вачах пажылога чалавека, яму прыходзіцца перапыняць свой аповед, каб узяць сябе ў рукі. І няхай яго баявы шлях вымяраецца ўсяго толькі адной вайсковай аперацыяй, але на яго долю, як і іншых жыхароў краіны, выпала нямала пакут і гора ў тыя далёкія гады ліхалецця.


Што пачалася вайна, у Хлупіне даведаліся, калі фашысты бамбілі Тураў і Чэрнічы. Давыду Данілавічу тады споўнілася толькі чатырнаццаць. Вяскоўцы са страхам чакалі чужынцаў. Карнікі прыехалі як гаспадары і пачалі рабаваць мясцовых жыхароў. Бралі мяса, сала, яйкі, патрабавалі самагонку. Нагрузіўшы поўныя падводы правіянтам, яны пакінулі населены пункт. За гады акупацыі фашысты не раз паўтаралі свае акцыі, падчас якіх вёску спалілі. Яе жыхары перабраліся жыць у лясныя курані. Жылі ў голадзе і холадзе. Пастаянна баяліся, што прыйдуць фашысты і ўсіх пастраляюць. Гітлераўцы, ведучы барацьбу з партызанамі, даходзілі і да куранёў, дзе жылі мірныя людзі. Літасці ад карнікаў не чакалі, таму ў такія моманты ўцякалі далей у лес.


 — Нехта крыкнуў: “Немцы ідуць!” Маці толькі паставіла варыць бульбу. Кінулі ўсё — і ў лес. Маці нават адзін лапаць абуць не паспела, так і пабеглі хавацца, — расказвае пра вылазкі карнікаў Давыд Данілавіч. — Адна жанчына забыла забраць з сабой немаўля, дык фашысты вынеслі калыску з ім на мароз, падвесілі на дрэва і доўга чакалі, што на крык дзіцяці выйдзе маці. Дзіця замерзла.


Вось такія жудасныя ўспаміны пра акупацыю пакінула вайна ў памяці Ярмоленкі. Даводзілася яму і партызанам дапамагаць. Аднойчы вазіў ім на фурманцы прадукты. Другі раз партызаны памянялі з Ярмоленкамі каня на быка. І Давыд вазіў жывёліну да іх у атрад.


Адразу пасля вызвалення Давыда Данілавіча прызываюць у дзеючую армію. Ен трапляе ў вучэбны артылерыйскі полк. Тут навабранцам таксама не соладка даводзілася. Спалі ў халодных казармах.


— Лажыліся спаць па дваіх, каб цяплей было, бо можна было накрыцца адразу некалькімі шынялямі. Ніжняй бялізны не выдавалі. Печкі палілі сырымі дровамі, якія ездзілі нарыхтоўваць у бліжэйшы лес. Ежы таксама не было, варылі гнілую бульбу, — расказвае пра сваю армейскую навуку Ярмоленка. — Заняткі праводзіліся з шасці раніцы да адзінаццаці вечара. Сяржанты строгія былі, калі што не так, адразу камандавалі: “Лажыся і па-пластунскі марш!”


У вучэбным палку Давыд Данілавіч і прыняў сваё баявое хрышчэнне. Гэта быў яго першы і апошні бой на гэтай вайне. Курсантаў палка прыцягвалі для ліквідацыі фашыстаў і паліцаяў, што хаваліся ў лясах пасля наступлення арміі. Адна з такіх аперацый праводзілася перад самым заканчэннем вучобы. Па курсантах, якія рухаліся па лясным масіве, фашысты адкрылі шалёны агонь. Давыд Данілавіч атрымаў у гэтым баі цяжкае раненне і апынуўся ў шпіталі. Лячыўся некалькі месяцаў. Там прыйшла вестка і пра перамогу.


— Усчалася страшэнная страляніна, падумалася, што зноў пачаліся ваенныя дзеянні, — успамінае Давыд Данілавіч. — А потым пачалі крычаць: “Перамога! Перамога! Ура! Ура!” Усе кінуліся абдымацца, цалавацца, віншаваць адзін другога. Столькі было радасці ва ўсіх.


Выпіска са шпіталя і Ярмоленка накіроўваецца на службу ў артылерыйскую часць пад Брэст. Шэсць з паловай гадоў давялося яму служыць артылерыстам. Толькі ў 1951 годзе дэмабілізавалі. Вярнуўся ў родны Хлупін. Тут пачаў працаваць у сваім калгасе загадчыкам жывёлагадоўчай галіны, на іншых пасадах. Працоўны стаж Давыда Данілавіча налічвае больш трыццаці гадоў. Пастаянна дбаў аб сваёй адукацыі. Скончыў Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Нялёгка было дабівацца ў гаспадарцы высокіх паказчыкаў. Але старанне людзей перамагала гэтыя цяжкасці. Іх было шмат, асабліва дакучала паводка. Начамі не дасыпалі, каб эвакуіраваць напярэдадні вялікай вады грамадскую жывёлу, забяспечыць яе кармамі, якія назапашваліся на пойме ракі. Тэхнолаг жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі быў пастаянным удзельнікам гэтых выратавальных аперацый. Таму радавалася яго душа, калі калгас з кожным годам багацеў, а на змену людскім рукам прыходзіла механізацыя. З гаспадаркі пайшоў і на заслужаны адпачынак. Можа і працаваў бы яшчэ, але не дазволіла здароўе.


Цяпер у ветэрана таксама нямала клопатаў. Даглядае з хворай жонкай. Імкнецца Давыд Данілавіч быць у курсе ўсіх падзей. Займае ён і актыўную грамадзянскую пазіцыю: выступае ў мясцовай школе, перад землякамі, бо ўпэўнены, што людзі і нашы нашчадкі павінны ведаць пра той жудасны час вайны, каб не дапусціць гэтай бяды зараз. Асаблівая сувязь у Давыда Данілавіча з вучнямі мясцовай школы. Любіць ён дзяцей, на гэтыя навагоднія святы нават купіў ім за ўласныя грошы падарункі.


Шматлікімі ўзнагародамі адзначана і вайсковая служба, і працоўная дзейнасць Давыда Данілавіча. Самыя дарагія з іх для Ярмоленкі з’яўляюцца медаль “За перамогу над Германіяй” і Ганаровая Грамата Вярхоўнага Савета БССР. Ен аддаў усё, што мог, для сваёй радімы, клапаціўся аб яе росквіце і дабрабыце, таму сустракае чарговую гадавіну Вялікай Перамогі з пачуццём грамадзянскай годнасці, што ёсць часцінка ўкладу ў яе і яго. Бо гэта свята ўсяго народа.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.