Дзед Мароз – ветэран вайны і працы
Навагоднія святкаванні ў дзяржаўнай установе адукацыі “Хлупінскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа” пачыналіся, здавалася, як заўсёды. Былі тут і вядучыя –- вучаніцы 9 класа Наталля Дарошка і Вольга Саскевіч, Снягурачка Вікторыя Касцянка з 8 класа, Дзед Мароз Леанід Точка –- вучань 7 класа, шматлікія нячысцікі і іншыя казачныя героі.
За плячыма Дзеда Мароза –- вялікі мех са смачнымі падарункамі ад спонсараў: начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ягора Шабаева і індывідуальнага прадпрымальніка Вячаслава Паўлава, за што ім вялікі дзякуй.
Так што шматлікія ўдзельнікі конкурсаў, віктарын, карагодаў, розыгрышаў былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі. Але па ўсім адчувалася, што таямнічасці навагодняга свята на гэтым не заканчваюцца. І патаемнасць гэта зыходзіла ад убеленага сівізной госця, як высветлілася далей, ветэрана вайны і працы Давыда Данілавіча Ярмоленкі. А такога госця і на такім свяце ў нас яшчэ не было. Ен апладзіраваў вершам і песням дзяцей, перамогам канкурсантаў, “хварэў” за прайграўшых. Адным словам, быў разам з дзецьмі ў іх свяце.
А напрыканцы свята ён папрасіў прабачэння ў афіцыйнага Дзеда Мароза і стаў яшчэ адным Дзедам Марозам, за што ранейшы на яго ніколечкі не пакрыўдзіўся. Давыд Данілавіч ад добрага сэрца павіншаваў дзяцей і ўвесь калектыў комплекса са святамі, пажадаў шчасця і здароўя самім дзецям і іх сем’ям, поспехаў у вучобе, міру. Затым з вялікім задавальненнем уручыў кожнаму выхаванцу сада і вучню школы салодкія падарункі, набытыя за ўласныя зберажэнні. А лепшай вучаніцы дзевяцікласніцы Вользе Саскевіч уручыў яшчэ адзін падарунак і пажадаў астатнім вучням браць прыклад з яе. І як у ваду глядзеў Давыд Данілавіч, уручаючы апошні падарунак, –- на днях стала вядома, што Вольга заняла трэцяе месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове.
Дзеці ж шчыра дзякавалі Давыду Данілавічу за падарункі, гледзячы вялікімі зачараванымі вачыма на яго сівыя валасы як у сапраўднага Дзеда Мароза, на яго ўзнагароды, што ўпрыгожвалі грудзі. І гэта падзяка была шчыраю і бязмежнаю.
А. ЯРМОЛЕНКА.