Дарогі не ведаюць межаў
Як сведчаць вынікі мінулага года, сярод аналагічных па колькасці працуючых калектываў у Гомельскім дарожна-будаўнічым трэсце №2 Жыткавіцкае ДБУ-21 — у ліку першых па аб’ёму вытворчасці.
Паспяхова быў выкананы план уласнымі сіламі і аб’ём работ па ім склаў амаль 7 мільярдаў рублёў. А згодна генпадрада калектывам дарожнікаў было асвоена 8 мільярдаў 726 мільёнаў. У нагу з часам у вобласці вытворчасці і прымянення сучасных дарожных пакрыццяў дазваляе ісці свой завод, на якім было выпушчана 32 тысячы тон асфальтабетоннай сумесі.
У новым годзе работы працягваюцца на многіх так званых пераходных аб’ектах. Сярод першаступенных з іх — дарога М—10 “Мяжа Расійскай Федэрацыі — Гомель — Кобрын”, што размешчана на тэрыторыі суседняга Лунінецкага раёна. У 2009 годзе тут было асвоена работ на 2 мільярды 110 мільёнаў рублёў.
Працягваюцца работы і ў нацыянальным парку “Прыпяцкі” на будаўніцтве лесагаспадарчай дарогі Баклано—Пасека. У снежні мінулага года 5,8 кіламетра яе было ўведзена ў строй дзеючай.
На цякучым рамонце дарог, пляцовак, пераездаў РУП “Граніт” было выканана работ на 1 мільярд 365 мільёнаў рублёў, а ў час рамонту на гэтым прадпрыемстве дарогі №2 –- на 1 мільярд 352 мільёны рублёў. Рэканструкцыя гэтай дарогі працягваецца і зараз. Акрамя таго, у Мікашэвічах нашы дарожнікі працуюць і на аб’ектах мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У Жыткавіцкім ДБУ-21 у ліку першых у нашым палескім рэгіёне сталі прымяняць новую мембранную тэхналогію па абуладкаванні верхніх слаёў бетоннага пакрыцця з прымяненнем мадыфіцыраванага бітума.
С. ВІЛЬЧЫК.