Дабра жадаю ўсім добрым людзям

Столькі гадоў прайшло як савецкія войскі пакінулі Афганістан. Але і да гэтага часу не сціхае ў маім сэрцы боль ад заўчаснай і трагічнай гібелі сына Юры, які загінуў зусім маладым на той вайне.


Вельмі добра, што нас, бацькоў, якія страцілі назаўсёды падчас баявых дзеянняў у той далёкай краіне сваіх дзяцей, шануюць і не забываюць, знаходзяць магчымасць праведаць, калі патрэбна, дапамагчы.


Прыемна і радасна было мне, маці загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста, калі летась у маю хату завітаў на Дзень Маці старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора. Доўга і шчыра вялі з ім размову, шмат цёплых слоў падтрымкі пачула ад гэтага чалавека. Пагаварыла, нібы са сваім сыночкам родным. Напрыканцы гутаркі Мікалай Міхайлавіч паабяцаў дапамагчы ў вырашэнні маіх надзённых праблем. Нават на душы пасвятлела ад такіх чулых адносін кіраўніка раёна.


Скажу, што той візіт меў свой вынік. У хуткім часе да мяне на сядзібу завіталі работнікі акцыянернага таварыства “Жыткавічлес”. Якую прыгожую агароджу яны зладзілі ля майго дома. Залюбуешся. Як сказалі работнікі таварыства, аб гэтым іх папрасіў Мікалай Міхайлавіч. Сапраўдны кіраўнік, які ўмее трымаць дадзенае слова. Гэтак жа і мой сынок, Юрка, калі некаму абяцаў, заўсёды стараўся не падводзіць людзей, дапамагчы ім.


Як толькі работнікі леспрамгаса ўстанавілі агароджу, столькі пачуццяў адразу нахлынула. І слёзы радасці, і ўсмешка. А самае галоўнае: хацелася гаварыць і гаварыць словы ўдзячнасці ўсім хлопцам, што ставілі агароджу, іх кіраўніку, Мікалаю Міхайлавічу.


Трывалая сувязь у мяне і з Ленінскай школай. Не раз адтуль прыязджалі дзеці і настаўнікі, хаця і жыву ў другой вёсцы, каб дапамагчы мне. І дроўцы перанеслі і склалі, і агароджу падпраўлялі, і многае іншае. А яшчэ ў школе свята шануюць памяць аб маім сыне, што таксама заслугоўвае асобных слоў удзячнасці.


Я надта ўдзячна і М.П. Русаму, які на справе дапамагаў мне вырашаць жыццёвыя праблемы.


Дабра і шчасця ўсім добрым людзям. Каб у іх сэрцах заўсёды жылі радасць і чуласць, а вочы ніколі не ведалі слёз і гора ад страты блізкіх і дарагіх людзей. Здароўя ўсім і дабрабыту, каб і надалей з пяшчотай і чуласцю адносіліся да людзей, сваімі добрымі справамі мацавалі іх дух і сагравалі душы.


Вера ГОРБАТ, маці загінуўшага воіна, в. Палосцевічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.