Цяжка набыць, але лёгка страціць…
Надзвычайная даверлівасць нашых грамадзян дае шырокае поле для дзейнасці рознага роду злачынцаў. Так сталася нядаўна ў Верасніцы.
У дом да пажылога чалавека завіталі дзве жанчыны, якія ветліва прадстаўляліся работнікамі сацыяльнай службы. Далей усё пайшло па класічнай схеме. Госці папрасілі напісаць дзядулю заяву на аказанне яму дапамогі. Пакуль гаспадар пад дыктоўку адной з іх пісаў паперыну, другая хутка знайшла схованкі, дзе ляжалі грошы. Пакінулі хату старога вяскоўца махляры з васьмю мільёнамі рублёў, якія прыхапілі з сабой. Цяпер злаўмыснікаў шукаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Недалічылася мільёна рублёў у сваім бюджэце і адна жыхарка райцэнтра. Пазбавілі яе такой немаленькай сумы таксама нячыстыя на руку грамадзяне. У гэтым выпадку злаўмыснік не вымаўляў мудрагелістых схем, як папасці ў чужую кватэру. Проста падабраў ключ да дзвярэй жылля пацярпеўшай і, прыхапіўшы грошы, знік.
Эх, кіравалася б прапісной ісцінай “Захоўвайце грошы ў банку” жыхарка вёскі Відошын дакладна пазбегла б непрыемнасцей. Гэтая неабачлівасць абыйшлася днямі ёй у 410 тысяч рублёў. Грошы з яе селішча выкраў нейкі злаўмыснік. Цяпер расставяць усе кропкі над “і” у гэтых гісторыях праваахоўныя органы.
Па матэрыялах Жыткавіцкага РАУС.