У коле інтарэсаў : асабістых і грамадскіх

Інфармацыйная група, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета Віктар Атліванаў, прыехала ў вёску Найда загадзя да вызначанага ў аб’яве часу пачатку сустрэчы. Але нягледзячы на гэта ў мясцовым клубе, дзе ладзілася мерапрыемства, ужо сядзелі некалькі мясцовых жыхарак. Жанчыны аказаліся гаваркімі, таму пасля кароткага прывітання паміж імі і прадстаўнікамі раённай улады завязалася, так бы мовіць, душэўная размова. Жанчыны, якія пражылі па некалькі дзесяткаў гадоў у гэтым населеным пункце, гаварылі аб набалелым: вёска вымірае, усё менее гаспадароў, якія трымаюць на сваіх падворках жывёлу, у дадатак і мясцовая гаспадарка далучана да суседняга сельгаспрадпрыемства, што таксама не спрыяе развіццю населенага пункта. Паступова народу ў клубе прыбаўлялася. Новыя людзі адразу ж уцягваліся ў размову, гутарка пра сённяшнее жыццё ў вёсцы пачала пераходзіць у дзелавое русла. Таму кіраўнік інфармацыйнай групы Віктар Атліванаў прапанаваў усім наступны парадак правядзення мерапрыемства: напачатку ён азнаёміць прысутных з тым, як раён спрацаваў у мінулым годзе, што чакаецца ў гэтым, а пасля ўсе прыехаўшыя з ім прадстаўнікі раённай і мясцовай улады выслухаюць праблемы, што турбуюць вяскоўцаў на цяперашні час, адкажуць на іх пытанні. Прыкладна па такому сцэнарыю праходзілі сустрэчы членаў інфармацыйнай групы і з жыхарамі вёскі Грэбень і пасёлка Грэбянёўскі.


У сваім выступленні Віктар Адамавіч спыніўся на найбольш важкіх працоўных дасягненнях жыткаўчан летась, а таксама значымых падзеях, што адбыліся ў раёне, працаўнікі раёна дасягнулі нямала станоўчага ў развіцці рэгіёна. Не абмінуў увагай старшыня райсавета і тыя перамены, якія чакаюць Тураўшчыну. Закрануў кіраўнік інфармацыйнай групы і такое важнае пытанне ў жыццядзейнасці гэтага і іншых населеных пунктаў, як перанос сельскага Савета з пасёлка Грэбянёўскага ў аграгарадок Кольна. Прычына тут адна — у кольненскай частцы Савета пражывае у некалькі разоў больш насельніцтва, чым у руднянскай. Разам з тым, запэўніў Віктар Адамавіч, людзі і на гэтай тэрыторыі ад пераезду селькай улады не пацерпяць. Тут будзе працаваць пастаянна спецыяліст, а таксама наладжаны па графіку выезды старшыні і сакратара сельсавета. Людзі аднесліся да гэтага з разуменнем. Хаця як у Найдзе, але найбольш у Грэбені прагучалі рэплікі з залы : “Раней саўгас забралі, а цяпер і Савет пераводзяць”.


Што тычыцца развіцця вытворчага патэнцыялу гэтай тэрыторыі, падрабязна расказаў дырэктар КСУПа “Коленскае” Валянцін Карпаў. Кіраўнік гаспадаркі зазначыў адназначна: “Няма ніякіх падстаў, каб пакідаць гэтую вытворчую базу, наадварот, прыкладваюцца ўсе намаганні, каб яна развівалася”. У доказ гэтага ён прывёў нямала прыкладаў.


Уважліва слухалі прыйшоўшыя на сустрэчу жыхары выступаючых, але і актыўна гаварылі пра свае праблемы. А хвалюе людзей шмат чаго. Найперш характэрнае для ўсіх вёсак, дзе прайшлі сустрэчы. У прыватнасці, усе выказвалі незадаволенасць вулічным асвятленнем. Не будзем адмаўляць, што ў сельскіх населеных пунктах яно арганізавана не на высокім узроўні. Калі ж паразважаць: ці ўладзе не хочацца зрабіць лепей? Хочацца, толькі сродкаў не хапае, а сёння за электраэнергію патрэбна плаціць немалыя грошы, прычым своечасова. Нездарма ж вяртаюцца зноў да самападаткаабкладання. Не ад добрага жыцця яно ўводзіцца. За мінулы год бюджэт раёна недаатрымаў больш дзесяці мільярдаў рублёў грошай. Красамоўны прыклад прывёў старшыня мясцовага сельсавета Віктар Пяшэвіч: нават пры такой эканоміі адбываецца перарасход выдзеленага сельсавету ліміту электраэнергіі на асвятленне вуліц. Іншая справа, не заўсёды рацыянальна скарыстоўваюцца ліхтары, несвоечасова ажыццяўляецца замена лямпачак у іх. Дык гэтыя праблемы вырашыць не так і складана, а вось павесіць ліхтар каля кожнага дома, як таго хочацца многім вяскоўцам, нерацыянальна і немэтазгодна, калі галоўным напрамакам дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца строгая эканомія энергіі.


Увогуле, як паказалі сустрэчы, спажывецкія адносіны ў нашых людзей вельмі развітыя. Гэта вяду не да таго, каб абяліць нейкія недапрацоўкі адпаведных структур, а наадварот, каб паказаць, што ёсць не толькі асабісты інтарэс, але і грамадскі, дзяржаўны. І часта яны не супадаюць адзін з другім. Задае пытанне жанчына, у якім патрабуе перанесці на ранейшы час пачатак заняткаў у школе. Зрабіць гэта, як зазначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі Генадзь Бароўскі, проста. Але ў школу ходзяць дзеці не толькі гэтай жанчыны, але і іншых жыхароў. Ці згодны яны на такія перамены? Відавочна, сітуацыя патрабуе дасканалага вывучэння і згоды ўсіх бацькоў, ці хаця б большасці з іх. Або такое патрабаванне прыйшлося выслухаць: пусціць рэйсавы аўтобус да райцэнтра яшчэ і ў выхадны дзень. Зноў жа з наскоку такое пытанне не вырашаецца.


Нямала праблем было названа падчас сустрэчы, зыходзячы з інтарэсаў грамадскіх, усіх людзей. У тым жа пасёлку Грабянёўскі няма лазні. Жыхары ездзяць мыцца ў райцэнтр. Вяскоўцы не патрабуюць будаўніцтва новай лазні, а просяць, каб быў арганізаваны падвоз іх у гарадскую. Апошняе здаецца не так накладна з фінансавага боку. Такой праблемай займацца варта і неадкладна пастарацца вырашыць яе. Як і такую, каб фельчар з пасёлка раз на тыдзень прыязджаў у вёску Грэбень і на месцы прымаў людзей. Або людзі прасілі, каб хаця ў адным з населеных пунктаў ці ў вёсцы Грэбень, або ў пасёлку Грабянёўскі падоўжылі рэжым работы гандлёвых кропак. Многія позна вяртаюцца з працы, а яны закрыты.


Хаця па рознаму патрэбна ставіцца і да ўласных інтарэсаў. Бывае, чалавек трапляе проста ў бязвыхаднае становішча. Напачатку сустрэчы ў пасёлку Грабянёўскі ўсчала вялікі лямант адна бабуля. Сутнасць яе пытання ў наступным: усё жыццё яны з мужам працавалі на гэтай зямлі, страцілі здароўе, вырасцілі семярых дзяцей, а пад старасць нічога не маюць. Жывуць у старой кватэры, дзе са столі падае атынкоўка, цяпла таксама няма, а побач ёсць яшчэ незанятыя новыя домікі, збудаваныя гаспадаркай. “Чаму б не перасяліць туды? Што мы за столькі гадоў працы не зарабілі сабе добрага жылля?” – даводзіла кабета. “ І ў маёй кватэры ніхто нават цагліны не паклаў, каб адрамантаваць”, — пачуўся ззаду голас мужчыны, як кажуць, у самым росквіце сіл. Толькі ёсць розніца вялікая: першая усё жыццё працавала, а другі ніколі гэтым сябе не абавязваў. Але ж патрабуюць аднолькавай дапамогі абое…


Як запэўнілі адказныя асобы, усе ўзнятыя пытанні будуць вырашацца. Магчыма, не ўсе станоўча, але гэта, так бы мовіць, зусім іншая гісторыя і глеба для разважанняў і чарговых сустрэч прадстаўнікоў улады і людзей. А час найлепшы суддзя, які абавязкова расставіць усе акцэнты на патрэбныя месцы.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.