Працуе на здароўе
Таленавіты беларускі народ не дарэмна здаўна прыкмеціў, што галодны чалавек, як да працы, так і да навукі не здольны. Для сістэмы адукацыі раёна тэма забеспячэння гарачым харчаваннем школьнікаў — надзвычай важная тэма. Значнасць яе добра разумеюць у гарадской гімназіі. Тут у сталоўцы працуе штат повараў-прафесіяналаў, якія не толькі ўмеюць смачна згатаваць, але і своечасова да стала падаць. Сярод іх і Таццяна Адамовіч.
Рабочая змена ў Таццяны Адамовіч цягнецца больш дванаццаці гадзін. І гэта невыпадкова, што жанчына столькі працуе, бо за свой рабочы час ёй патрэбна выканаць мноства важных спраў. Працуе Таццяна Аляксандраўна поварам у сталовай гімназіі горада Жыткавічы.
Ужо ў шэсць гадзін раніцы яна знаходзіцца на сваім рабочым месцы. Гэта абумоўлена тым, што патрэбна згатаваць сняданкі гімназістам, якія пражываюць у інтэрнаце. А гэта больш трыццаці порцый. Яшчэ харчуюцца тут і выхаванцы сацыяльнага прытулку. Повар стараецца, каб ежа для ўсіх дзяцей была як дома. Усё ж яна жанчына і ведае пачуцці маці, якія адправілі ў навучальную ўстанову з навакольных вёсак сваіх дзетак. Зразумела, бацькам хочацца, каб іх гімназісты добра харчаваліся. А вось дзетак з прытулку ёй проста шкада па-жаноцку.
Сняданак праходзіць хутка. Лепшая ўзнагарода для повара — пустыя талеркі, і Таццяна Аляксандраўна радуецца, што сваім кулінарным майстэрствам дагадзіла рабятам. Але гэта адбываецца ўсяго толькі адно імгненне. Як толькі апошні гімназіст пакідае сталоўку, яна зноў спяшаецца да пліты. Асноўны аб’ём работы наперадзе. Патрэбна рыхтаваць абеды. Цяпер ужо не толькі для прыезжых навучэнцаў, але і тых, хто прыйшоў з горада. У гімназіі ўсе вучні атрымліваюць гарачае харчаванне. Акрамя гэтага на абед прыйдуць не толькі з сацыяльнага прытулку, але і карэкцыйнага цэнтра. Усе гэтыя ўстановы знаходзяцца ў агульным будынку, таму і харчуюцца ў адной сталоўцы. Да таго ж і харчаванне выхаванцаў розных структур розніцца, таму повару патрэбна гатаваць ежу па некалькіх меню. Жанчына і яе памочнікі стараюцца. Таму абед для ўсіх падаецца своечасова.
— У нашым меню самыя розныя стравы, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Гатуем салаты, баршчы, супы, другія стравы, таму дзеці могуць добра падсілкавацца, каб паспяхова авлодваць ведамі.
Па водгуках тых, хто падсілкоўваецца ў гімназічнай сталоўцы вельмі ўдалымі атрымліваюцца ў Таццяны Аляксандраўны піражкі і кулінарныя вырабы. “Пальчыкі абліжаш, такое смакоцце выпякае “, — толькі і чуюцца водгукі аб гэтых стравах повара.
Напружаны рабочы рытм падтрымлівае повар і ў пасляабедзенны час. Патрэбна брацца за прыгатаванне вячэр і поўднікаў. Толькі а восьмай гадзіне заціхае пліта, мыецца посуд, растаўляецца па сваіх месцах. Патрэбна ўсё належным чынам падрыхтаваць наступнай змене калег. Толькі пасля таго, як усё зроблена, Таццяна Аляксандраўна лічыць свой рабочы дзень закончаным і кіруецца да дому.
Сваё прафесійнае майстэрства Таццяна Адамовіч адточвала на працягу дзесяцігоддзяў. Працавала на базе адпачынку пад Мінскам, потым былі курсы повараў у Ленінградзе, там жа і практычныя навыкі ўдасканаліла. Працавала нямала гадоў і поварам вайсковай часці ў нашым райцэнтры, а калі яе расфарміравалі перайшла ў сталоўку школы- інтэрната. Цяпер яна перайшла да гімназіі. Дзе б ні працавала Таццяна Аляксандраўна, яна старалася выконваць свае прафесійныя абавязкі належным чынам, бо ведае, што добрая ежа — гэта найперш і здароўе, і сіла.
С. МІКАЛАЕЎ.