Ці “зварыцца” грэчневая каша?

Цяперашні час вымушае працаўнікоў вёскі дбаць не толькі пра рост вытворчых паказчыкаў, але і пра паляпшэнне эканамічных. Для кіраўніцтва камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Дзякавічы” апошняя акалічнасць стала вызначальнай, што ў севазвароце гаспадаркі ўсё большае месца адводзіцца так называемым эканамічна выгадным культурам. Сярод іх грэчка.


Другі год толькі вырошчваюць яе ў сельгаспрадпрыемстве, і, як адзначыў дырэктар Мікалай Кудзелька, культура радуе сваёй аддачай.


— Што на нашых не вельмі бедных землях можа добра расці такая культура як грэчка, убачыў у суседнім Любанскім раёне, — расказвае Мікалай Яфімавіч. — Там гэтай справай даўно займаюцца і даволі паспяхова. Падумалася, чаму б і ў сябе не паспрабаваць. Тым больш што землі ў нас па ўрадлівасці практычна аднолькавыя. У тамашніх гаспадарак набылі і насенне для сяўбы першых пяці гектараў.


Эксперымент з грэчкай для сельгаспрадпрыемства аказаўся ўдалым. Не на самых высокаўрадлівых землях культура парадавала ўраджаем. Да таго ж прываблівала і тое, што яна не вельмі патрабавальная пры вырошчванні. Па словах таго ж Мікалая Яфімавіча, усяго, што патрабавалася: засеяць у запраўленую ўгнаеннем глебу ды правесці адну ахоўную апрацоўку пасеваў, і ўбраць вырашчаны ўраджай. Прычым выспявае грэчка значна пазней іншых культур, таму і з уборачнымі работамі напружання не ўзнікае. Па выніках першага года вырошчваня грэчкі кіраўніцтва прыняло рашэнне, што ўсё намалочанае будзе пакладзена на насенне, каб палеткі пашырыць. На карысць апошняга адыграла і тое, што грэчка з’яўляецца добрым папярэднікам для вырошчвання іншых культур.


У мінулым годзе пасевы грэчкі ў КСУПе “Дзякавічы” былі павялічаны ў некалькі разоў і дасягнулі дваццаці гектараў. І культура зноў не падвяла мясцовых земляробаў. Сабралі 57 тон грэчкі.


— Грэчку без праблем рэалізавалі на камбінат хлебапрадуктаў, куды паставілі яе 20 тон. Яшчэ дзесяць тон памянялі на насеннее больш высокіх рэпрадукцый зерневых культур у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Бялёў”, — расказвае Міхаіл Яфімавіч пра тое, як распарадзіліся ўраджаем. — З эканамічнага боку таксама атрымалі немалую выгаду. За прададзеную крупяную культуру на камбінат хлебапрадуктаў выручылі амаль дзевятнаццаць мільёнаў рублёў грошай. Таго ж зерня на гэтую суму нам патрэбна прадаць прыкладна ў разы тры-тры з паловай больш, бо цана кілаграма грэчкі складае больш дзевяцісот рублёў.


Прыведзеныя выкладкі кіраўніком гаспадаркі у значнай ступені аказваюць уплыў на яго планы. У будучым годзе пасевы грэчкі ў сельгаспрадпрыемстве дасягнуць сотню гектараў. Для гэтага ўжо зроблены першыя крокі. Там, дзе раскінуцца пасевы крупяной культуры, узарана глеба, ўнесены неабходныя дозы мінеральных угнаенняў. Да таго ж гаспадарка набыла і сучасны камбінаваны пасяўны агрэгат, што, па меркаванню Мікалая Кудзелькі, дазволіць са значна лепшай якасцю правесці сяўбу.


Сур’ёзна ставяцца да вырошчвання грэчкі і ў іншых гаспадарках раёна. У мінулым годзе больш чым на ста пяцідзесяці гектарах яе вырошчвалі шэсць сельгаспрадпрыемстваў. Намалацілі 204 тоны ў амбарнай вазе. Практычна ўсе гаспадаркі забяспечылі сябе і насеннем грэчкі. Аб’ёмы пасеваў пад гэтую крупяную культуру ў гэтым годзе значна ўзрастуць. Плануецца, што грэчка ў раёне зойме каля чатырохсот гектараў.


Пахвальна, што ў сельгасвытворцаў раёна ёсць імкненне да паляпшэння свайго эканамічнага становішча. Але якім чынам? Вось дадзеныя раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін. На цяперашні час у сельгаспрадпрыемствах маецца 53 тоны грэчкі. Палова з гэтай колькасці засыпана на насенне. Не цяжка падлічыць, колькі засталося ў гаспадарчых складах на продаж. Дададзім сюды яшчэ тон сорак, якія былі прададзены. І што атрымаем? Нават першакласнік падлічыць, усяго крыху болей ста тон назбіраецца. Дзе ж астатнія тоны падзеліся? А гэта ні многа ні мала, а палова ад засыпанага ў засекі. Яшчэ і не факт, што ўборачная плошча адпавядала тым лічбам, якія прывялі ў райсельгасхарчы. І якую эканоміку можна збудаваць, калі, вобразна кажучы, ўсе імкненні ператвараюцца ў звычайную “гульню ў статыстыку”.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.