“Асалода” па вёсках калядавала і ўсіх мілагучнымі песнямі частавала…

І што за дзянёк падараваў Бог людзям на трынаццатае студзеня, якраз на стары новы год! Цуд дый годзе… З самага світанку мароз шчыпае вушы, шчыпае нос. Пад нагамі весела, на ўсё наваколле скрыпіць хрусткі снег. А якія пейзажы, малюнкі навокал. Толькі бяры фотаапарат у рукі альбо пэндзаль для дзівоснай карціны. Адно хараство. І гэта так, дарэчы, на каляды.


— Так што для жыхароў тых вёсак, куды мы сёння збіраемся, будзе двайное свята, — не тоіць свайго прыўзнятага настрою кіраўнік аўтаклуба пры раённым аддзеле культуры Любоў Феакцістава. — Гэта і каляды, і наш прыезд з канцэртам. Там нас сёння чакаюць, бо людзі загадзя папярэджаны. Так што ў добры шлях!


На гэты раз у мікрааўтобус уладкоўваюцца ўдзельнікі гурта “Асалода” пры раённым Доме культуры — усіх восем чалавек: шэсць жанчын і двое мужчын. Ансамблем жыццялюбівых, энергічных і па-зайздроснаму для маладзейшага пакалення арганізаваных пенсіянераў кіруе Васіль Блоцкі — вялікі жартаўнік і віртуозны акампаніятар.


— Курс — на Науць! — аддае каманду свайго роду “капітан” гэтага вясёлага “карабля” на чатырох колах Любоў Феакцістава.


І для вопытнага, як кажуць бывалага вадзіцеля аддзела культуры Вячаслава Страх і гэтага ўпаўне дастаткова: доўгі час працаваў на пасажырскіх маршрутах у аўтабазе райцэнтра, так што ўсе вёскі Жыткаўшчыны ведае выдатна.


У салоне мікрааўтобуса ажыўлена, весела. Народ, як кажуць, свой, даўно спеты. Ідзе абмен навінамі, чуваць жарты, анекдоты. Да таго ж сёння ў калектыве “новенькі” — да аматараў падоўжыць жыццё разам з песняй далучыўся і Сямён Малочка, які не так даўно пайшоў на заслужаны адпачынак з ПМК-66.


— Вось такія мы непапраўныя энтузіясты-непаседы, — напаўжартам, і хутчэй за ўсё ўсур’ёз прызнаецца былы педагог Вольга Рудэнкова. — І хварэем, і лечымся, а калі пакліча нас гэтая самая труба, назва якой яшчэ не прыдумана, то забываемся на ўсе свае хваробы і ў чарговы, каторы ўжо раз збіраемся ў дарогу, да людзей, да іх сэрцаў і душаў, каб спяваць, жартаваць, расказваць байкі і гумарэскі. Інакш мы не можам. Трэба спяваць, калі яшчэ душа маладая і ёй спяваць хочацца.


З коміна клуба вёскі Науць ідзе поклічны дымок — райцэнтраўскіх артыстаў там ужо чакаюць. Пасярод клуба стаіць святочная, упрыгожаная ёлка, ад грубкі ідзе цяпло. Гасцей ветліва сустракаюць, просяць наведваць і надалей. Пра мясцовае жыццё-быццё апавядаюць муж і жонка Міхаіл Фёдаравіч і Тамара Іванаўна Масла. Ен 36 гадоў адпрацаваў механізатарам, яна зведала работу і ў паляводстве, і ў жывёлагадоўлі.


Разам з “Асалодай” да вяскоўцаў прыехалі і прадстаўнікі асобных раённых службаў, што цесна звязаны з паўсядзённай жыццядзейнасцю людзей. Гэта Вольга Літвяк — фельчар-валеолаг раённага цэнтра эпідэміялогіі і санітарыі і Аркадзь Лагун – інспектар групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Іх гутаркі з людзьмі на што ні на ёсць надзённую тэматыку — пра меры барацьбы з грыпам ды супрацьпажарную бяспеку. Раздаюцца адпаведныя ілюстраваныя матэрыялы.


І вось — канцэрт, тыя мінуты, імгненні радасці, калі песнямі, мелодыямі, гумарыстычнымі апавяданнямі сапраўды саграюцца людскія душы.


А далейшы шлях энтузіястаў культуры ляжаў у вёскі Замошша і Буда, Лутоўе і Вятчынскага Рудня, дзе яны выступалі са сваёй канцэртнай праграмай перад пенсіянерамі і людзьмі сярэдняга ўзросту як у крамах, так і ў клубе. Гучалі песні на трох славянскіх мовах — беларускай, украінскай і рускай. Літаральна запальвала слухачоў і гледачоў сваім адметным голасам і жывымі прытанцоўкамі салістка Надзея Лядвік. Нібы пабываеш у сонечнай Украіне, калі паслухаеш на яе мове напеўныя, мілагучныя песні ў выкананні Галіны Бандзюк. А колькі рогату і ўдзячных апладысментаў выклікаюць непадробныя, такія натуральныя, ад самога жыцця гумарыстычныя апавяданні Марыі Дармель, якая ў свой час з гэтакім жа поспехам працавала на ніве медыцыны. Не трэба пераконваць у вялікім значэнні вось такіх выездаў у народ, у вясковую глыбінку ўдзельніка гурта “Асалода” Валерыя Дубнова — ён у свой час працаваў загадчыкам аддзела культуры. Вольга Рудэнкова — разнапланавая самадзейная артыстка, ёй горача апладзіруюць і як спявачцы, і як умеламу, здольнаму дэкламатару баек і гумарэсак. Актывістка з вялікай літары. Самыя непасрэдныя адносіны да яе могуць мець наступныя словы песні: “Старость меня дома не застанет, я в дороге, я в пути…” Дарэчы, нядаўна яны з мужам адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця, з чым мы іх шчыра і віншуем.


Добра наладжана культурная дзейнасць у клубе вёскі Вятчынская Рудня, загадчыцай якога працуе энергічная Марыя Сегміна. Тут, дарэчы, у час невялікага перапынку, нам давялося паразмаўляць з чалавекам цікавага жыццёвага лёсу,вязнем Вялікай Айчыннай вайны Іванам Данілавічам Крукоўскім, 1926-га года нараджэння. Ен, што называецца, на ўласнай скуры зведаў, што такое вайна і пакуты палону Вось ужо каля 60 гадоў жывуць яны разам з жонкай, выхавалі чацвярых дзяцей. Вялікае выхавальнае значэнне маюць сустрэчы з такімі вось людзьмі напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі. І ў першую чаргу для моладзі. Так што немалую справу робіць усюдуісны аўтаклуб, якім кіруе ўмелы арганізатар і адданы сваёй справе чалавек Любоў Феакцістава. Між іншым, аналагаў такой дзейнасці цяжка знайсці ў другіх рэгіёнах нашай рэспублікі. Так што за вопытам трэба ехаць да нас, у Жыткавічы.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.