Якія вынікі “малочнага” прадпрымальніцтва?

Амаль два гады прайшлі, як у нашым раёне пачалі ўкараняць глыбоцкі вопыт па арганізацыі закупу малака ў насельніцтва. Пра тое, як прыжылося гэтае новаўвядзенне, расказвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар АТЛІВАНАЎ.


— Так, у сакавіку мінулага года наша дэлегацыя наведала Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці, каб пераняць мясцовы вопыт па арганізацыі закупу малака ў насельніцтва. Ужо праз паўгода пасля гэтай паездкі першы прадпрымальнік-малаказборшчык запрацаваў у нашым раёне. Ім стаў Вадзім Дзярызямля, які заняўся зборам малака ў прыватным сектары Руднянскага сельскага Савета. Практыка паказвае, што тая паездка нашай дэлегацыі была карыснай. Вопыт глыбаччан прыжыўся і на Жыткаўшчыне.


— Наколькі моцна?


— Цяпер у раёне працуюць сем прадпрымальнікаў-малаказборшчыкаў. Гэта Вадзім Дзярызямля, які, як зазначалася вышэй, закупляе малако ў вёсках Руднянскага сельсавета, Сяргей Шакалян абслугоўвае тэрыторыю Тураўскага гарсавета і Верасніцкага сельсавета, Уладзімір Аладка збірае малако з падворкаў у Мілевіцкім і Ленінскім Саветах, Васіль Баліч працуе на тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета і ў вёсцы Лагвошчы Юркевіцкага Савета, Аляксандр Макарэвіч ажыццяўляе сваю дзейнасць у Чырвоненскім і Марохараўскім сельсаветах і Таццяна Міхневіч (сялянская гаспадарка “Вясёлы млынар”) — у Азяранскім сельсавеце, вёсках Бялёў і Вятчын. Яны закупляюць малако ў насельніцтва на васьмідзесяці працэнтах тэрыторыі раёна. Толькі ў частцы населеных пунктаў Дзякавіцкага сельсавета зборам малака з прыватных падворкаў займаецца мясцовае сельгаспрадпрыемства.


— Але ж назвы некаторых сельсаветаў наогул не прагучалі…


— Гэта так. Пакуль маюцца пэўныя праблемы з арганізацыяй закупу малака ў прыватнікаў у шэрагу населеных пунктаў Рычоўскага сельсавета. Зусім не закупляецца малако ў Перароўскім і большасці вёсак Юркевіцкага Саветаў. Але будзем паляпшаць гэтую дзейнасць. Магчыма, у тым жа Перароўскім сельсавеце справу па закупу малака і не будзем распачынаць, бо там на прыватных падворках засталося два дзесяткі кароў, і тая невялікая колькасць малака можа быць прададзена гаспадарамі суседзям. Такая практыка існуе ў многіх населеных пунктах. Па Юркевіцкім сельсавеце маюцца такія напрацоўкі, што там малако будзе забіраць ленінскі малаказборшчык. Ужо маюцца і першыя жадаючыя гаспадары прадаваць лішкі малака дзяржаве. Што тычыцца Рычоўскага Савета, тут таксама будзем арганізоўваць закупачную дзейнасць. Хутчэй за ўсё, закупляць тут малако абавяжам некага з цяперашніх малаказборшчыкаў-прадпрымальнікаў. Хаця і тут складанасцей многа. Галоўная з іх, што ў некаторых вёсках засталося вельмі мала кароў.


— Як спрацавалі малаказборшчыкі-прадпрымальнікі, ці ўдалося ім павялічыць закуп малака з прыватных падворкаў?


— На маю думку, яны справіліся з тымі задачамі, якія перад імі ставіліся. І найпершая з іх: што паслуга па збору малака стала даступнейшай насельніцтву. У нас малако збіралі і гаспадаркі, і Руднянскі сельсавет, але праблемы заставаліся, людзі пісалі скаргі ў розныя інстанцыі. Асабліва гэта тычылася якасці закупляемай прадукцыі. Спрэчкі паміж малаказдатчыкамі і малаказборшчыкамі на гэты конт узнікалі пастаянна. Сёння яны ліквідаваны. Для прадпрымальнікаў закуплены прыборы для вызначэння якасці здаваемага прыватнікамі малака. І зрабіць аналіз кожны малаказборшчык можа прама на падворку гаспадара. Таму якасць здаваемага прадукту намнога палепшылася, ніхто з людзей не здае малако ніжэй базіснай тлустасці. У многіх гэты паказчык большы. А гэта дадатковыя грошы малаказдатчыкам.


З пачатку года ў раёне закуплена 2361,4 тоны малака. Рост да леташняга складае 3,7 працэнта. Але па некаторых сельсаветах рост забяспечаны намнога большы. Напрыклад, па Людзяневіцкім, дзе закуп малака ў гэтым годзе павялічаны на трыццаць працэнтаў. Вырас і паказчык продажу малака ў разліку на адну прыватную карову. Па раёну ён складае 627 кілаграмаў. У такіх Саветах як Людзяневіцкі, Марохараўскі, Дзякавіцкі — больш за тысячу кілаграмаў. Амаль па тысячы кілаграмаў малака ў разліку на карову закупілі і ў Руднянскім, Чырвоненскім сельсаветах. Перамены да лепшага відавочныя. У самыя малочныя летнія месяцы на прыватных падворках штодзённа закуплялася больш дзесяці тон малака.


— Ці не “падарве” бізнес прадпрымальнікаў-малаказборшчыкаў канчатковае закрыццё Жыткавіцкага філіяла Калінкавіцкага малочнага камбіната? Малако ад гаспадарак тут, як вядома, не прымаюць.


— Згодзен, праблема ёсць. Пакуль перапрацоўшчыкі прымаюць малако ад насельніцтва як і раней, у райцэнтры. У пэўнай ступені гэта сталася як дзякуючы прынятым захадам улады, так і актыўнасці прадпрымальнікаў. Той жа Васіль Баліч звяртаўся з гэтым пытаннем на “гарачую” лінію да старшыні Дзяржкантролю. Як будзе далей? Пакуль загадваць цяжка. Раённымі ўладамі прымаюцца захады, каб малако ад насельніцтва перапрацоўшчыкамі прымалася непасрэдна на Жыткавіцкім філіяле. Прадугледжваем варыянт і з Лунінецкім малочным заводам, каб малако ад насельніцтва прадаваць туды. Згода кіраўніцтва перапрацоўчага прадпрыемства з суседняй вобласці на гэта ёсць, і яны гатовы забіраць малако. Але будзем старацца знайсці дамоўленасць па гэтай праблеме з Калінкавіцкім малочным камбінатам. Хаця пытанне няпростае, але адказ на яго прыйдзецца знаходзіць, бо важней інтарэсы людзей.


Інтэрв’ю падрыхтаваў С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.