Выручыла цукровая кукуруза
Зялёны гарошак на кансервавым заводзе адкрытага акцыянернага таварыства “Тураў” здаўна быў своеасаблівай візітоўкай калектыву, хоць і “прыйшоў” ён сюды далёка не першым сярод другой прадукцыі прадпрыемства. Проста з некаторага часу ён стаў свайго роду “лакмусавай паперай” работы завода, той палачкай–выручалачкай, дзякуючы якой у многім і выцягваліся даведзеныя планы і заданні.
А вось у мінулым сезоне падвёў зялёны гарошак тураўскіх майстроў перапрацоўкі. Планавалі вырабіць яго 8,5 мільёна ўмоўных слоікаў, а фактычна атрымалі 3,6 мільёна, што склала толькі 42,7 працэнта да плана і 51 працэнт да ўзроўню мінулага года. Былі таму, хутчэй за ўсё, як суб’ектыўныя, так і аб’ектыўныя прычыны. Частыя дажджы парушылі распрацаваны загадзя тэхналагічны ланцужок “розныя гатункі-розныя тэрміны саспявання”, пераблыталі многія яго звёны. Таму на 600-гектарнай плошчы, дзе вырошчваўся зялёны гарошак, малюнак напярэдадні яго ўборкі склаўся даволі пярэсты. Назойлівыя ападкі шмат дзе павымывалі ядахімікаты з глебы, і пустазелле дружна шуганула ўгару. На асобных палетках гарошак рос у тры ярусы: квітнеючы, зялёны, жоўты… Сітуацыя склалася так, што былі парушаны тэрміны ўборкі гэтай вядучай культуры. Першыя камбайны ўрэзаліся ў саспелую масу толькі ў сярэдзіне ліпеня — на 20 дзен пазней звычайнага, і завяршылася ўборка гарошка за 30 дзён, у той час як звычайна доўжыцца 60-70 дзён.
— Але выручыла нас цукровая кукуруза, якой займаемся з 2006 года, — гаворыць галоўны эканаміст ААТ “Тураў”, Аляксандр Шантар. — Яна была размешчана на 160 гектарах, з якіх замест запланаваных 1,6 мільёна ўмоўных слоікаў фактычна нарыхтавалі 3,7 мільёна, што ў 2,3 разы больш намечанага і ў 5,1 разы вышэй узроўню 2008 года. Дзякуючы гэтаму за 10 месяцаў 2009 года тэмпы росту ў супаставімых цэнах да студзеня-кастрычніка мінулага году склалі 125,9 працэнта, а вытворчасць спажывецкіх тавараў — 124,4 працэнта. Дарэчы, наша акцыянернае таварыства — адзіны ў рэспубліцы вытворца цукровай кукурузы.
Натуральна, што не толькі зялёным гарошкам і цукровай кукурузай абмяжоўваюцца ў сваёй вытворчай дзейнасці мясцовыя перапрацоўшчыкі, хаця гэта дамінуючыя культуры і застаюцца, вобразна кажучы, тымі трывалымі падвалінамі падмурка, на якіх і мацуецца тутэйшая перапрацоўка. З канвеера тут на працягу мінулых месяцаў года сыходзілі гуркі кансерваваныя і марынаваныя, таматы, соусы, кампоты, сокі, ікра кабачковая. Нядаўна закупілі 4,5 тоны свежых журавін і наладзілі вытворчасць яблык, працёртых з журавінамі і цукрам. Вырабляюць соус таматны, які, як паказвае попыт, разыходзіцца лепей, чым кетчуп. Распачалі выраб кансерваванай фасолі, якой маецца каля 20 тон.
Адкрытае акцыянернае таварыства “Тураў” раней займалася як перапрацоўкай прадукцыі, так і вырошчваннем сельгаскультур, для чаго ў сваім карыстанні мела 2363 гектары сельгасугоддзяў, у тым ліку 882 гектары ворыва, 82 гектары зямлі пад садам. Цяпер гэтыя сельгасугоддзі адышлі пад новае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. Тым не менш тут упэўнены: ёсць завод — значыць будзе сыравіна і яе перапрацоўка. 208 чалавек, згодна сярэднеспісачнай колькасці, без работы сядзець не павінны.
У гэтыя восеньскія дні асноўная дзейнасць прадпрыемства накіравана ў рэчышча выязнога гандлю. Па восем-дзесяць машын у выхадныя дні накіроўваюцца з самай разнастайнай кансерваванай прадукцыяй у Гомель і Бранск, Маскву і Санкт-Пецярбург. За 10 месяцаў 2009 года выручка ад продажу склала звыш 1 мільярда рублёў. Дарэчы, у Гомелі дзеля лепшай рэалізацыі сваіх тавараў арандуюцца складскія памяшканні. Есць свой гандлёвы павільён у Маскве. Першы год тут узялі ў арэнду памяшканне, завезлі патрэбнае абсталяванне,абуладкавалі халадзільныя паліцы. Між іншым, тыдзень назад туды ў чарговы раз накіраваліся на кірмаш дзве прадаўшчыцы з шырокім асартыментам вырабляемых тавараў. Нашых паляшучак маскоўскія пакупнікі пабачаць здалёку, бо апранутыя яны ў беларускія нацыяльныя строі. Кірмаш працягнецца 20 дзён, так што ёсць спадзяванні на багатую грашовую выручку.
Без праблем у акцыянерным таварыстве, як і паўсюль, не абыходзіцца. Есць вострая патрэба ў слесарах, работніках кантрольных вымяральных прыбораў, іншых рамонтніках — абсталяванне ж тут імпартнае. Перапрацоўка зялёнага гарошка і цукровай кукурузы пакуль што ідзе на адной тэхналагічнай лініі, што выклікае пэўныя цяжкасці і так называемыя накладкі. Калі, напрыклад, кукуруза ўжо саспела, а закатка гарошку яшчэ працягваецца… Патрабуюць большай ўвагі да сябе на заводзе і пытанні тэхнічнага пераўзбраення. Але ж на тое і праблемы, каб іх вырашаць.
С. КУЛАКЕВІЧ.