Прывабнасць тураўскай зямлі
На прыступках гісторыі (аўтарскае адступленне)
Так, цяжка ўявіць Тураў без краязнаўчага музея. Дзверы яго заўсёды гасцiнна расчынены для наведвальнiкаў. У музеi чыста, утульна, тут асаблівая аўра, а гасцiннасць i ўтульнасць ствараюць усяго некалькі супрацоўнікаў. У залах музея ладзяцца ўрокі патрыятызму, вучні далучаюцца да багатай гісторыі свайго краю і зямлі. Яны ж пры неабходнасці і дапамагаюць супрацоўнікам музея, нават самі праводзяць экскурсіі.
Музей гэты апалены суровым дыханнем часу… Ен быў створаны ў 1927 годзе, лічыцца самым старэйшым у Гомельскай вобласці. Першым дырэктарам музея быў настаўнік геаграфіі Максім Емяльянавіч Бруй. Развіццё ўзяў музей з традыцыйнага школьнага куточка прыроды і гісторыі. Вучні разам са сваім настаўнікам збіралі прадметы археалогіі, рэчы адыходзячага побыту, кнігі. Добрым памочнікам у гэтай справе стаў бібліятэкар Парфен Антонавіч Шчакатовіч, гарачы патрыёт Тураўшчыны. Ажно дзве тысячы экспанатаў налічваў музей да вайны. Музей размяшчаўся ўжо ў адным з пакояў дома культуры альбо, як тады яго называлі, Народнага дома. Фонды год ад году папаўняліся, тут праводзіліся масавыя мерапрыемствы, наладжваліся экскурсіі. Перад Вялiкай Айчыннай вайной у музеi былi сабраны камплекты адзення, прадметы быту i этнаграфii, рукапiсныя i друкаваныя выданнi.
У гады акупацыi Турава нямецкiмi захопнiкамi ўвесь сабраны матэрыял быў цалкам знiшчаны. Пасля вайны музей аднавiў сваю працу ў 1949 годзе. Размяшчаўся ён у фае гарадскога Дома культуры. Дырэктарам быў прызначаны М.Е. Бруй, а навуковым супрацоўнiкам — П.А. Шчакатовiч, якi праз усё сваё жыццё пранёс вернасць збiральнiцтву, юначую зацiкаўленасць да гісторыі i любоў да роднай зямлi. Экспазiцыя музея дзялiлася на тры раздзелы — прырода краю, дарэвалюцыйнае мiнулае i сацыялiстычнае будаўнiцтва. З 1952 года вядзецца ўлiковая дакументацыя, чытаюцца лекцыi i гутаркi, праводзяцца экскурсii. На пасаду дырэктара прызначаецца Р.I. Запясоцкая.
На 1 студзеня 1961 года асноўны фонд музея налiчваў 1291 адзiнку. Яго складалi прадметы побыту, адзенне, прырода, нумiзматыка, археалогiя, дакументы. З 1963 года дырэктарам музея становiцца П.А. Шчакатовiч, з 1963 года навуковым супрацоўнiкам прызначаецца Валянцiна Мiронаўна Карась, нагляднiкам — Соф’я Антонаўна Бяляй. Кiраўнiцтва раёна аказвала музею падтрымку i ўвагу. У 1959 годзе было прынята рашэнне Тураўскага райвыканкама “Аб будаўнiцтве раённага краязнаўчага музея ў г.п. Тураве”. Быў нават вызначаны ўчастак зямлi для будаўнiцтва i зацверджаны каштарыс. Але будаўнiцтва так i не пачалося, таму што быў скасаваны Тураўскi раён, а г.п. Тураў увайшоў у склад Жыткавіцкага раёна. З 1976 года некалькі гадоў дырэктарам музея працавала В.М. Карась, а пасля стала старшым захавальнiкам фондаў. Навуковым супрацоўнiкам працавала ў тыя гады Валянцiна Данiлаўна Леўкавец. На працягу 25 гадоў плённа кіравала музеем В. Марынкіна. У гэты перыяд значная ўвага надавалася наладжванню ўлiку экспанатаў, папаўненню фондаў, правядзенню масавых мерапрыемстваў. Умацоўваецца матэрыяльная база. У канцы 1978 года музей пераязджае ў памяшканне былой дапаможнай школы, дзе размяшчаецца i цяпер.
За гэтыя гады асноўны фонд музея вырас да 11 тысяч адзiнак, а навукова-дапаможны —звыш 7000 адзiнак.
Сфармiраваны цiкавыя калекцыi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нумiзма-тыкi, этнаграфii i побыту, дакументаў, фотаздымкаў i iнш. У 1989 годзе была перабудавана экспазiцыя музея. Набыта неабходнае для экспазiцыi абсталяванне, афармленне праведзена на мастацкiм узроўнi. Зараз экспазiцыя музея складаецца з 6-цi раздзелаў: “Гiсторыя старажытнага Турава”, “Рэвалюцыя i грамадзянская вайна”, “Этнаграфiя”, “Вялiкая Айчынная вайна”, “Сучаснае будаўнiцтва”, “Прырода краю”.
Цяпер музей прырос экспазіцыяй “Замкавая гара”. Турысты могуць візуальна дакрануцца да прыступкаў стагоддзяў, стаць завочнымі сведкамі пераломных момантаў у далёка не простай гiсторыi горада і нашага краю…
У. ГАЎРЫЛОВІЧ.